«Спадчына» Вільчынскіх

5Шыкоўныя краявіды, вясковую цішыню і шчодрасць сялянскай душы прапануе сваім гасцям сенненская аграэкасядзіба «Спадчына», што размясцілася ў маляўнічым куточку вёскі Заазер’е Багданаўскага сельсавета.

 

1    Выбар назвы  яе ўладальнікі, сын і бацька  Дзмітрый і Уладзімір Вільчынскія, абгрунтоўваюць тым, што тутэйшыя мясціны — зямля продкаў, а значыць, родная. Таму першы радок купалаўскага верша «Спадчына» нярэдка гучыць з вуснаў як гаспадароў, так і гасцей сядзібы.

Аб’ект агратурызму адчыніў дзверы адносна нядаўна (у жніўні мінулага года), аднак  у наведвальні­каў з першых дзён займеў папулярнасць. Амаль кожныя выхадныя аграсядзіба прымае гасцей, якія прыязджаюць з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Іх наплыў істотна павялічыўся са снежня, калі была пабудавана руская лазня. Утульная парная, пакой адпачынку з більярдам, камінам, тэлевізарам. На верандзе можна размясціцца за вялікім сталом з лаўкамі.

Заходзячы ў дом, акунаешся ў сялянскі побыт: драўляныя двух’ярусныя ложкі, печка. Прыцягвае ўвагу падвешаная калыска, накрытая коўдрай, якой, па словах гаспадара, звыш 100 гадоў. Яшчэ адным рарытэтам у інтэр’еры з’яўляецца шафа, зробленая ў пачатку ХХ стагоддзя. Усе гэтыя старажытныя рэчы —адшуканыя і прывезеныя знаёмымі Уладзіміра Вільчынскага. Аднак, нягледзячы на аўтэнтычнасць абстаноўкі, тут ёсць месца дасягненням тэхнічнага прагрэсу — працуе інтэрнэт, мабільная сувязь.

Аматары фатаграфавацца не пройдуць міма казачных персанажаў, што «прыжыліся» на падворку аграсядзібы. Ля дома расселася пахмурная баба з разбітымі начоўкамі, побач з ёй — дзед, у руках якога тая самая «Залатая рыбка» з казкі А.Пушкіна. Вось «ляціць» у ступе Баба Яга з мятлой. Ля варот гасцей сустракаюць вартаўнікі-філіны, а непадалёк ад альтанкі размясціліся «ўлюблёныя» мядзведзікі. Усю гэтую прыгажосць Уладзімір Вільчынскі зрабіў з дрэва ўласнымі рукамі. Майстар кажа, што ў хуткім часе да іх дабавяцца гамакі, альтанка для маленькіх адпачывальнікаў з летнімі ложкамі і столікамі, якую ўпрыгожаць скульптуры герояў  казкі «Тры мядзведзі». Нават уборнае збудаванне (туалет) прэтэндуе на «фішку» ў аздабленні «Спадчыны». Ён зроблены з цэльнага ствала дрэва і ўпрыгожаны разьбянымі фігуркамі.

Акрамя прывычных для беларускага клімату і экалагічна чыстых гародні­ны ды садавіны, на прыватным участку вырошчваюцца сапраўдныя кавуны. Улетку госці могуць паласавацца і мёдам з прыся­дзібнай пасекі.

З забаў тут прапануюцца рыбалка, катанне на кані, даспадобы будзе прыгатаваць шашлыкі, юшку.

Але і для аматараў актыўнага адпачынку ў «Спадчыне» знойдзецца справа для душы. У апошні час усё большай папулярнасцю, асабліва ў моладзі, карыстаецца пейнтбол. Усе прыстасаванні для гэтай «вайсковай» гульні ёсць і ў аграсядзібе. Гульцы ў пейнтбол  тут нярэдкія госці.

Мы завіталі ў аграсядзібу ранняй вясной, калі дрэвы яшчэ не апранулі свой зялёны ўбор, а пад нагамі чарнела голая зямля. Але і ў гэту шэрую пару «Спадчына» здзіўляла сваёй непаўторнасцю.

З надыходам жа цёплага надвор’я сама прырода паспрыяе азеляненню і прыгажосці роднага месца Вільчынскіх.

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.