Як спрацавалі культурныя ўстановы Сенненшчыны разгледзелі на савеце аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЛетась пры правядзенні аптымізацыі органаў дзяржаўнай улады з трох аддзелаў райвыканкама быў створаны адзін — ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Нядаўна падведзены вынікі яго работы за мінулы год. Размова пераважна ішла аб дзейнасці ўстаноў культуры.

Фінансавы складнік

         Начальнік аддзела Сяргей Мяцеліца не хаваў, што фінансаванне галіны ў цэлым па краіне скарацілася на 21%. Не лепшым чынам працавала большасць устаноў культуры раёна. Праўда, у канцы года многія паказчыкі ўдалося прыкметна палепшыць. Напрыклад, аб’ём платных паслуг дасягнуў 466,6 млн рублёў, што складае 136,9% да ўзроўню мінулага года ў фактычных цэнах. З даведзеным планам у поўным аб’еме справіліся цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Какоўчынскі СДК, Першамайскі і Алек­сініцкі клубы. Дакладчык адзначыў «нядрэнную» работу раённага музея, аўта­клуба, РДК, дзіцячай школы мастацтваў г. Сянно, Рыбненскага клуба. «Актывізаваўся рост» платных паслуг, што прапаноўваюцца насельніцтву, у Машканскім і Яноўскім СДК. Ёсць рэзервы для паляпшэння работы ў гэтым накірунку ў Багушэўскага ДК і мясцовай школы мастацтваў, Какоўчынскага СДК і Сінягорскага клуба. У выніку валавы рэгіянальны прадукт, створаны ўстановамі культуры раёна, склаў 94,6% да ўзроўню папярэдняга года. Паказальна, што па выніках работы за першыя два месяцы бягучага года, паказчык па платных паслугах Сенненскім раёнам выкананы ў ліку пяці іншых раёнаў вобласці.

 Ад кадраў залежыць многае, але не ўсё

         Прынята лічыць, ва ўсякім разе ў пэўным асяроддзі, што фінансы для справы значаць шмат. А вось кадрам належыць вызначальная роля. Дык вось, у галіне культуры Сенненшчыны штатная колькасць работнікаў складае 297 адзінак. Ва ўстановах культуры працуе 197 чалавек, у тым ліку на пасадах кіраўнікоў і спецыялістаў — 145, 72% з іх маюць про­фільную адукацыю. Тыя, хто яе не мае, імкнуцца атрымаць. У навучальных установах культуры завочна вучыцца 13 чалавек.

Кіраўніцтва аддзела больш хвалюе ўзроставы паказчык. У клубных установах працуе 62 чалавекі, ва ўзросце да 31 года — толькі 6. Нават у Сенненскай ДШМ з 19 выкладчыкаў — шэсць старэй 55 гадоў. Слаба замацоўваюцца і маладыя спецыялісты. А таму Сяргей Мяце­ліца лічыць, што кадравая праблема застаецца самай вострай. Рашыць яе можна з дапамогай мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы. «Трэба выяўляць, развіваць, выхоўваць, вучыць, зацікаўліваць, са школы прывучаць да работы ў клубах, бібліятэках і рэкамендаваць да паступлення ў спецыялізаваныя навучальныя ўстановы», — заклікаў работнікаў культуры начальнік аддзела.

Зрэшты, кадравая праблема вырашаецца і ў сувязі са скарачэннем сеткі ўстаноў культуры. Летась у раёне спынілі дзейнасць дзве бібліятэкі, дзве бібліятэкі-клубы, адзін клуб, чатыры ўстановы культуры рэарганізаваны. На 1 студзеня 2014 года на Сенненшчыне функцыянавала 55 устаноў культуры. У тым ліку дом рамёстваў, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, 3 школы мастацтваў, аўтаклуб, бібліобус.

Матэрыяльная база

ўстаноў культуры за апошнія гады значна ўмацавалася. За мінулы год рамонтна-будаўнічыя, сантэхнічныя, электрамантажныя работы выкананы на 67,9 млн рублёў. Шмат зроблена ўласнымі сіламі: праве­дзены рамонт фасадаў будынкаў клубаў у Студзёнцы, Полымі, дахавага пакрыцця ў Рыбным, Някрашаве, раённага дома рамёстваў. Пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону праведзены рамонт кацельняў у доме культуры Багушэўска, на што патрачана 19,7 млн рублёў, у СДК Какоўчына (24,5). На электрамантажныя работы ў доме рамёстваў спатрэбілася 17,3 млн рублёў.

На набыццё абсталявання зрасходавана за год 288,8 млн рублёў, у тым ліку мэблі для Багушэўскай дзіцячай школы — 17,3, ЦБС — 16,4, камп’ютараў — 37,8, гукаўзмацняльнай апаратурай папоўніліся многія сельскія клубы і дамы культуры, РДК.

Выкарыстоўваліся для папаўнення матэрыяльнай базы сродкі, атрыманыя ад аказання платных паслуг. На набыццё са спецрахунка патрачана 49,3 млн рублёў.

 Працоўныя будні

     OLYMPUS DIGITAL CAMERA    За мінулы год ў 24 публічных бібліятэках раёна абслужаны 16601 чытач. Яны атрымалі 332743 экзэмпляры кніг. Колькасць наведванняў склала 126578. Чытачы раёна не страцілі цікавасць да кнігі. Сярэдняя наведвальнасць бібліятэк склала 7,6, пры абласным паказчыку — 7,1. Актыўнасці сенненскіх чытачоў спрыяе пастаяннае абнаўленне бібліятэчнага фонду. Летась ён абноўлены на 5,4 % пры сярэднерэспубліканскім паказчыку 4%. Папулярызацыя кнігі вядзецца рознымі спосабамі. У раённай бібліятэчнай сістэме створаны  і паспяхова працуюць 13 аматарскіх аб’яднанняў, сайт бібліятэчнай сістэмы, праводзяцца разнастайныя конкурсы. Сяргей Мяцеліца асабліва вылучыў стварэнне гісторыка-краязнаўчага зборніка «Обелиски застыли сурово, охраняя погибших покой». У ім улічаны, сістэматызаваны ўсе помнікі, пахаванні салдат Вялікай Айчыннай вайны. Высока ацанілі зборнік і на абласным конкурсе «Інавацыі ў рабоце бібліятэк», прысу­дзіўшы першае месца. Больш прэтэнзій выказвалася да работы клубных устаноў. І не толькі таму, што ў іх скарачаецца колькасць фарміраванняў. Работнікі клубаў не ўмеюць прадаць свой прадукт — за год правялі 756 канцэртаў і спектакляў, на платнай аснове — адзінкі. У той час як у Расонскім раёне амаль кожны трэці канцэрт даецца за грошы.

Кіраўніцтва аддзела нацэльвае работнікаў клубаў на паляпшэнне абслугоўвання сельскага насельніцтва. Даводзяцца паказчыкі (3-4 мерапрыемствы ў месяц) па колькасці канцэртаў, спектакляў, абрадаў, тэатралізаваных святаў. І калі канцэртаў у раёне праводзіцца даволі шмат, больш чым у сярэднім па вобласці, то па іншых формах работы клубныя ўстановы раёна займаюць апошнія месцы. Зразумела, каб правесцівыставу, народны абрад, спатрэбіцца больш часу на падрыхтоўку. Ды і работа патрабуе іншых навыкаў, уменняў, іншых трэба шукаць у дапамогу людзей. Выхад з сітуацыі Сяргей Мяцеліца бачыць у пашырэнні практыкі абмену вопытам, у арганізацыі вучобы.

Больш актыўна клубныя ўстановы павінны ўдзельнічаць у абласных конкурсах, фестывалях. Хаця б так, як гэта рабілася ў другой палове года. Як гэта робіць клуб нацыянальнай кухні «Хадчаначка», які быў удзельнікам пяці абласных конкурсаў. І не проста быў — стаў лаўрэатам у свяце-конкурсе «Тэатральныя далягляды вёскі» (намінацыя «Смачны панадворак»). Там жа народны драмтэатр Багушэўскага ДК атрымаў дыплом за першае месца ў намінацыі «Драматычны спектакль», а Канстанцін Бандарэнка — Дыплом за лепшую мужчынскую ролю.

Ёсць дасягненні і ў іншых калектываў. Народны факльклорны калектыў «Вечарынка» метадычнага цэнтра ўзнагароджаны Дыпломам і Падзячнасцю галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Запамінальнымі сталі раённы конкурс «Супер-лэдзі», шоу-праграма «Нашы хлопцы лепш за ўсіх», фестываль маладых сем’яў, якія праводзілі творчыя работнікі РДК. Разнастайнымі метадамі, формамі работы вызначаюцца Какоўчынскі, Першамайскі, Ходцаўскі, Пламенскі, Сту­дзёнкаўскі, Краснасельскі клубы і ДК. Па выніках 2013 года лепшымі прызнаны Ходцаўскі і Какоўчынскі СДК, Пламенскі, Першамайскі, Краснасельскі сельскія клубы.

Дакладчык зрабіў аналіз работы іншых устаноў культуры: аўтаклуба, дзіцячых школ мастацтваў, музея, дома рамёстваў. Там таксама ёсць праблемы. Але спецыялісты аддзела і ўстаноў культуры іх бачаць, ведаюць, як выправіць. Тым больш, што ў раёне ёсць у каго вучыцца. На Сенненшчыне працуе 8 самадзейных калектываў са званнем «Народны», адзін — «Узорны». Ёсць спадзяванне, што іх колькасць у 2014 годзе павялічыцца.

Погляд знутры

         Аналіз работы ўстаноў зрабіў не толькі дакладчык. Дырэктар Сенненскай ДШМ Іван Смірноў, пагадзіўшыся з крытыкай у адрас школ мастацтваў, заўважыў, што зыходзіць трэба з рэалій сённяшняга дня. У райцэнтры запатрабаваны паслугі харэографаў — трэба аказваць іх нават на платнай аснове, праблемы Багушэўска ў тым, што большасць выкладчыкаў школы мастацтваў — жыхары Віцебска. На яго думку, важна заахвочваць усё лепшае, папулярызаваць дасягненні былых вучняў. Для гэтага ў школе мастацтваў ствараецца база адораных дзяцей.

Папулярызацыяй Сенненшчыны паслужыць стварэнне брэндаў, лічыць Іва Шубка, дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Адным з іх павінен стаць Сеня Сенненскі, вобраз якога знойдзены майстрамі дома рамёстваў.

Крэда дырэктара Какоўчынскага СДК Аляксандра Грабеннікава — выкарыстанне ў рабоце нестандартных падыходаў, стаўка на работу з пенсіянерамі і моладзь. На вечар, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны, былы афіцэр запрасіў усіх мужчын-какоўчынцаў, даслаўшы ім «павесткі». І  яны прыйшлі. Хоць звычайна клуб наведваюць жанчыны-пенсіянеркі ды падлеткі. Свае канцэрты самадзейныя артысты ДК даюць не толькі на сцэне ўстаноў культуры. Нярэдка яны наведваюцца на фермы, палявыя станы, у аддаленыя вёскі, дзе ім заўжды рады.

У Машканскай бібліятэцы ўспомнілі, што ў вёсцы з даўніх  пор праводзілі Траецкія кірмашы. Каб абудзіць у людзей памяць, зрабілі даследаванне на гэтую тэму, стварылі тэматычны альбом. Працягваецца работа над машканскім абярэгам. Вялікую цікавасць у жаночай паловы жыхароў аграгарадка выклікаў клуб «Паўлінка».

Погляд з боку

         Зацікаўлены ўдзел у размове культработнікаў прыняла Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама. Яе прысутнасць, зразумела, не была выпадковай, а вывады грунтаваліся не толькі на інфармацыі з выступленняў і справаздач удзельнікаў нарады.  Зоя Фаміна лічыць, што аб’яднанне аддзелаў паслужыла арганізацыі больш прадуманай работы, узмацненню ідэалагічнай асновы. «Пры больш прадуманай арганізацыі работы, гэта паслужыць паляпшэнню працы аддзела ва ўсіх кампанентах», — упэўнена яна.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 НА ЗДЫМКАХ: С. Мяцеліца ўзнагароджвае Т. Грыгаран; сенненскі строй.