На рэспубліканскім этапе зімовага шматбор’я «Здароўе» сярод школьнікаў за абласную каманду выступаў сенненец Юрый Бяляеў

Юра І гэта далёка не першы поспех вучня 11 класа СШ №1 г.Сянно. Юрый удзельнічаў і ў сёлетняй рэспубліканскай спартакіядзе зімовага шматбор’я «Абаронца Айчыны» сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту. Два гады назад хлопец стаў кандыдатам у майстры спорту па біятлоне. З’яўляецца неаднаразовым прызёрам рэспубліканскіх і пераможцам абласных спаборніцтваў.

У жыццё Юры біятлон «увайшоў» у шэсць гадоў і адразу стаў любімым заняткам. Першы трэнер — Валерый Лектараў — перадаў перспектыўнага спарт­смена ў вучылішча алім­пійскага рэзерву Віцебска, дзе Юра працягваў трэніравацца з 8 па 10 клас. Аднак па стане здароўя вярнуўся назад на Сенненшчыну.

Бацькі заўсёды ўхвалялі выбар сына займацца спортам, падтрымлівалі яго. І Юра вельмі ўдзячны ім за гэта. Па словах хлопца, яго поспехі — агульныя перамогі родных.

Член грамадскага аб’­яднання «БРСМ» актыўна прымае ўдзел у жыцці школы, раёна. Настаўнікі і аднакласнікі кажуць пра Юру, што ён добрай душы чалавек, заўсёды прыйдзе на дапамогу.

Зараз Юрый Бяляеў старанна рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання, марыць стаць інжынерам.

Ірына ГАРБАЧОВА.