На сессии Сенненского районного Совета депутатов обсудили вопросы пожарной безопасности соцобъектов, находящихся на территории района

ГСЗ 2001 года ў нашай краіне колькасць пажараў на аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей скарацілася ў пяць разоў. Тым не менш за гэты перыяд адбылося больш за 830 надзвычайных здарэнняў, на якіх у агні загінула 67 чалавек.

Факты  прывёў дэпутатам раённага Савета Андрэй Рогаў, першы намеснік начальніка РАНС, на сесіі, якая была прысвечана азначанай тэме, падкрэсліўшы — «пытанні забеспячэння пажарнай бяспекі на аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей знаходзяцца на асаблівым кантролі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі».

На тэрыторыі раёна пажараў у школах, бальніцах, інтэрнатах і ўстановах культуры, сацыяльнай сферы за аналізаваны перыяд дапушчана не было. Аднак верагоднасць іх узнікнення не выключана. Хаця б таму, што значная частка загаранняў адбываецца па прычыне нізкага ўзроўню кантролю, недастатковай падрыхтоўкі пасадавых асоб. 80% пажараў на аб’ек­тах з масавым знахо­джаннем людзей, пачынаючы з 2001 года, адбылося па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэнняў тэхналагічнага рэгламенту, правілаў мантажу і эксплуатацыі абсталявання.

На тэрыторыі Сенненскага раёна маецца 45 аб’ек­таў з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей. Амаль палова з іх — гэта школы і дашкольныя ўстановы, а таксама ўстановы культуры, сацыяльнай сферы, бальніцы, інтэрнаты, гасцініцы. На падобных аб’ектах неабходна мець сістэмы пажарнай аўтаматыкі. Іх наяўнасць дазваляе своечасова рэагаваць на пажары, мінімізаваць іх наступствы. І калі ў школах, дзіцячых садах сістэмы пажарнай аўтаматыкі ўстаноўлены, то ў інтэрнатах прадпрыемства міліярацыйных сістэм, райаграсэрвіса, ПМК-64, РУП ЖКГ, у гасцініцы спа­дзяюцца на людзей, якія там жывуць і працуюць. Дакла­дчык канстатаваў, што нават першасныя сродкі пажаратушэння ў адпаведнасці з нормамі ёсць толькі на аб’ектах адукацыі і сацыяльнай сферы. Адказныя асобы ўмеюць імі карыстацца, з людзьмі праводзіцца вучоба.

На аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей вучоба павінна рэгулярна праводзіцца не толькі з персаналам. Пры правя­дзенні праверак і маніторынгаў на аб’ектах адукацыі работнікі раённага аддзела надзвычайных сітуацый летась адпрацоўвалі эвакуацыю людзей у выпадку пажараў у кожнай установе. Сёлета тактычна-спецыяльныя вучэнні праводзіліся ў Сенненскай школе-інтэрнаце, у Багушэўскай санаторнай школе-інтэрнаце. У вучэннях былі задзейнічаны як персанал устаноў, так і члены добраахвотных пажарных дружын. Вынікі тактычна-спецыяльных вучэнняў  і дзеянні людзей супрацоўнікі РАНС ацанілі станоўча — рэакцыя на ўстаноўку была своечасовай, а прадэманстраваныя веды і навыкі дастатковыя, каб пазбегнуць гібелі людзей пры ўмоўным пажары.

І ўсё ж супрацоўнікі аддзела надзвычайных сітуацый лічаць, што дзейнасць добраахвотных пажарных дружын на ўсіх аб’ек­тах з масавым знахо­джаннем людзей (акрамя Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця) носіць фармальны характар. Свой тэзіс дакладчык пацвердзіў канкрэтнымі фактамі.

Парушэнні правілаў пажарнай бяспекі на аб’ектах з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей нярэдка носяць капітальны характар. Для іх ліквідацыі патрабуюцца значныя матэрыяльныя ўкладанні. Калі грошай не хапае, неабходна распрацаваць і ўкараніць комплекс кампенсуючых мерапрыемстваў,  такіх як павелічэнне колькасці правядзення супрацьпажарных інструктажоў, дадатковых заняткаў з вучнямі школ, насельнікамі інтэрнатаў, сацыяльных устаноў. Пералік такіх мер разнастайны і даволі вялікі. У любым выпадку кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, дзе маюцца аб’екты з масавым знахо­джаннем людзей, абавязаны прыняць комплекс мер, якія гарантуюць бяспеку.

Даклад Андрэя Рогава быў дапоўнены выступленнямі Вячаслава Багданава, старшыні Багушэўскага сельвыканкама, дэпутата па някрасаўскай выбарчай акрузе №12, і Аляксандра Ладыжына, дырэктара СШ №1 г.Сянно, дэпутата па Назаранкаўскай выбарчай акрузе №6.

На сесіі было прынята рашэнне. Згодна з ім кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання Сенненскага раёна, на балансе якіх знаходзяцца аб’екты з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей, абавязаны прыняць меры па выкананні мерапрыемстваў, прапанаваных органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду.