Валейбольны кубак зноў у ПС “Сянно”
На працягу двух месяцаў у спартыўнай зале СШ №1 г.Сянно праходзілі гульні чэмпіянату раёна па валейболе. Удзел у ім прымалі 9 аматарскіх каманд арганізацый і прадпрыемстваў Сенненшчыны.
Атрымаць «дозу» валейбола можна было два разы на тыдзень. І гэтым карысталіся ўсе, хто не толькі «хварэў» за сваіх калег і родных, а і тыя, хто любіць гэты прыгожы від спорту.
Найбольш захапляльнымі атрымаліся фінальныя гульні. Сёлета яны праходзілі па іншай сістэме. Матчы складаліся не з трох партый, а з пяці, што дало магчымасць з максімальнай дакладнасцю вызначыць лепшую валейбольную каманду.
У фінале выступілі каманды РАУС, Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы (пераможца другой лігі мінулага чэмпіянату), аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і лідары першай лігі чэмпіянату 2013 года ПС «Сянно».
У выніку трэцюю і другую ступені п’едэсталу занялі спартсмены аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённага аддзела ўнутраных спраў адпаведна. Першае месца другі год запар заваявала каманда перапампоўваючай станцыі «Сянно» (на здымку ўверсе).
Цырымонію закрыцця пачалі з ушанавання пераможцаў. Таксама былі вызначаны лепшыя валейбалісты. У намінацыі «Самы перспектыўны гулец» адзначаны вучань Беліцкай ДССШ Павел Паляшкевіч (на здымку 2), які са сваім настаўнікам фізкультуры Андрэем Салаўёвым прадстаўляў каманду аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
«Лепшым гульцом чэмпіянату» прызнаны нападаючы каманды-чэмпіёнкі ПС «Сянно» Рустам Хасанаў (на здымку 3).
Дыпломы, медалі і кубак пераможцам і прызёрам уручылі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гардзецкі. Прагучала прапанова арганізаваць у наступным годзе жаночы валейбольны турнір.
Ірына ГАРБАЧОВА.