ПОДЗВІГ ТАНКІСТА. Сёлета споўнілася б роўна 100 гадоў нашаму земляку, ураджэнцу Сянна Аляксандру Пятаковічу

ГеройЁн нарадзіўся 24 снежня 1914 года ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1933 годзе тэхнікума працаваў у адным з саўгасаў Пухавіцкага раёна. З 1936 па 1938 год ураджэнец Сянна свой воінскі абавязак выконваў ажно ў Алтайскім краі. Адтуль у 1941 годзе быў адпраўлены на фронт.

Пасля праходжання курсаў малодшых лейтэнантаў яго прызначылі камандзірам узвода танкаў Т-34 65-й танкавай Волнавахскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава і Кутузава брыгады (11 асобны танкавы корпус, 1-ы Беларускі фронт).

Танкавае падраздзяленне пад камандаваннем Пятаковіча вызначылася ў баях пад украінскім Ковелем летам 1944 года (аперацыя «Баграціён»). Штурм умацаванай паласы абароны праціўніка нашым войскам даваўся з вялікімі цяжкасцямі. Толькі праз 18 дзён пасля моцнай артпадрыхтоўкі і ўдараў з паветра яны змаглі прайсці пяць ліній варожай абароны. Некалькі куль з аўтамата прашылі шлем на галаве Пятаковіча, сарвалі скуру. Гэты прастрэлены шлем ён потым доўга захоўваў як памяць аб тым дні, калі быў літаральна на валасок ад смерці.

Залатую Зорку ўжо старшы лейтэнант Пятаковіч атрымаў за бой па расшырэнні Магнушаўскага плацдарма на левым беразе Віслы і за польскі горад Радам. У пачатку сту­дзеня 1945 года пры здзяйсненні Варшаўска-Поз­наньскай аперацыі войскі 1-га Беларускага фронту перайшлі ў наступленне. У час баявой разведкі ўзвод Пятаковіча заўважыў па дарозе ў напрамку Радама вялікую аўтакалону праціўніка. Па загадзе Аляксандра Францавіча танкі імкліва ўрэзаліся ў калону і знішчылі 6 машын з грузам і салдатамі. Працягваючы рух, адважныя танкісты атакавалі калону артылерыі, знішчылі 3 гарматы і 2 бронетранспарцёры (БТР), а чатыры гарматы захапілі спраўнымі. Выйшаўшы на 2-ю паласу абароны, узвод Пятаковіча знішчыў самаходную ўстаноўку, 3 аўтамашыны і 16 гітлераўцаў, пры гэтым не маючы страт са свайго боку ні ў людзях, ні ў тэхніцы. Заняўшы апорны пункт, танкісты забяспечылі падыход галоўных сіл брыгады. У наступных баях экіпаж танка Аляксандра Пятаковіча знішчыў 8 варожых танкаў, 9 гармат і 6 БТР.

За мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года Аляксандру Пятаковічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Наш зямляк дайшоў да Берліна. Але на вуліцах нямецкага горада лёс у чарговы раз падрыхтаваў яму выпрабаванне. Непадалёку ад рэйхстага за гадзіну да капітуляцыі берлінскага гарнізона ў танк трапіў фашысцкі фаўстпатрон. Загінуў увесь экіпаж. А камандзіра праз адчынены люк выкінула выбуховай хваляй. Гэты дзень, 2 мая 1945 года, Аляксандр Пятаковіч заўсёды адзначаў як дзень свайго другога нараджэння.

Пасля вайны Аляксандр Пятаковіч працягнуў службу ў танкавых войсках. У 1946 годзе ён дэмабілізаваўся ў званні капітана.

Працаваў і жыў наш зямляк у г.Мар’іна Горка Мінскай вобласці. Там і памёр у 1988 годзе ва ўзросце 73-х гадоў.

Адна з вуліц Сянна носіць імя Героя, а яго партрэт змешчаны на Алеі Герояў у цэнтральным парку райцэнтра.

Падрыхтавала

Вольга БАНДАРЭВІЧ.