Знайсці дом для галубоў

Голуб для нас — птушка звыклая. Але такія  прыгажуны (на здымку), бачна, пародзістыя, не роўня шызым насельнікам вакзалаў і плошчаў. А таму выклікалі здзіўленне ў жыхароў дома №3 па вуліцы Савецкай, калі тыя ўбачылі птушак побач з ганкам. «Дапамажыце знайсці гаспадароў — галубы ж ручныя! Шкада, калі на вуліцы загінуць!» — звярнулася ў рэдакцыю Любоў Кірылаўна Макарава. Жанчына час ад часу корміць птушак і адганяе ад іх мясцовых катоў.

 Як высветлілася, крылатых гасцей сюды занесла добрая вясельная традыцыя, калі маладыя адначасова выпускаюць у неба пару галубоў — сімвал вернасці. Адна з маладых пар, што брала шлюб у Сенненскім ЗАГСе, таксама вырашыла здзейсніць прыгожы абрад. Галубоў для гэтай справы спецыяльна набывалі ў віцебскага прадпрымальніка. Звычайна, калі вяселле спраўляецца ў Віцебску, птушкі, выпушчаныя ў неба, без праблем вяртаюцца да гаспадара. Сенненскія галубы, магчыма, не знайшлі, а мо, і не захацелі знаходзіць зваротны шлях, прыбіліся да суседняга падворка. Маладыя гаспадары не супраць таго, каб забраць птушак да сябе, але зрабіць гэтага пакуль не могуць, бо знаходзяцца ў вясельным падарожжы. Ды птушак яшчэ і злавіць трэба.

«Не варта хвалявацца за іх лёс, — супакойвае начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Эдуард Зелентаў. — Галубы звычайна, гадуюцца ў галубятнях, не ў клетцы. Птушкі зна­ходзяц­ца ў стане свабоднага палёту. А таму цалкам прыстасаваны для жыцця на волі, хоць і прывычныя да чалавечых рук. Лавіць іх дзеля таго, каб пасадзіць, як кажуць, пад замок — не трэба. А вось падкормліваць, калі ласка, а заадно і любавацца прыгажосцю гэтых бялюткіх сімвалаў міру».        

Вольга Бандарэвіч.