Лепшыя ў сувязі

Перасовачнае аддзяленне сувязі №1 аб­слу­гоўвае 15 вёсак. Пошту развозіць вадзіцель Міхаіл Пятровіч Кучынскі. Разам з ім у дарогу кожны дзень адпраўляецца начальнік аддзялення  Алена Уладзіміраўна  Ма­гера. Па сутнасці яны з’яўляюцца тым звяном, якое яднае вяскоўцаў і грамадства. Дастаўляюць не толькі пенсіі і перыёдыку, але і тавары першай неабходнасці. Акрамя гэтага прымаюць плацяжы на даму (за тэлефон, радыё, электраэнергію, камунальныя  паслугі і г.д.). Старыя з аддаленых вёсак просяць лекі ў аптэцы купіць — не адмаўляюць, дапамагаюць вяскоўцам.

 Пра добрасумленныя адносіны да сваёй справы Міхаіла Кучынскага і  Алены Магера ў рэдакцыю райгазеты паведамілі жыхары вёскі Заслонаўка  Елізавета  Сяргееўна Ціханкова, Галіна Фёдараўна Хмялькова і жыхарка в. Леснікова  Валянціна Аляксандраўна Румо.

 — Гэта адзін з лепшых нашых экіпажаў, — ад­зна­чае намеснік начальні­ка РВПС Святлана Вікта­раўна Старавойтава. — Міхаіл Пятровіч плённапрацуе ў сувязі з 1993 года, а ўся працоўная дзейнасць Алены Уладзіміраўны звязана з паштовай сувяззю (спачатку давала водпускі аператарам, працавала начальнікам аддзялення сувязі ў вёсцы Папоўка, а са снежня 2008 года — начальнік перасовачнага аддзялення сувязі).  Планавыя заданні экіпаж заўсёды выконвае, а гэта важнейшая характарыстыка іх дзелавой актыўнасці.

 Жыццё не стаіць на месцы. Таму забеспячэнне  вяскоўцаў  самымі рознымі  відамі паслуг — абавязак паштавікоў, які яны выконваюць якасна і дастойна.

Ларыса

Мукамолава.

 На здымку: начальнік перасовачнага аддзялення сувязі № 1 Алена Магера і вадзіцель Міхаіл Кучынскі.