«Чужая» вайна і сёння не адпускае

IMG_3417_Міхаілу Мандрыку, жыхару г.п.Багушэўск, у кастрычніку 1985 года споўнілася васямнаццаць гадоў, а ў лістападзе таго ж года ён ступіў на зямлю Афганістана.

Яго памяць — яго боль
Салдаты з баявымі ўзнагародамі на грудзях сустракалі маладых байцоў, якія прыйшлі на змену ім. «Настрой, які ахапіў нас у тую хвіліну, немагчыма апісаць словамі, — успамінае Міхаіл Іванавіч. — Пакуль ляцелі наслухаліся гісторый пра Афган. Таму, гледзячы на самалёт, які ўзнімаўся ў неба з дэмбелямі і нёс дамоў, на вачах наварочваліся слёзы. Зайздрасць, што яны хутка абдымуць родных, і трывожнае хваляванне за ўласны лёс на незнаёмай зямлі напаўнялі сэрца».
Служыў Міхаіл Іванавіч у мотастралковай брыгадзе ў г.Джэлалабад. Гэта быў галоўны населены пункт афганскай правінцыі Нангархар на мяжы з Пакістанам. У той час, калі ў іншых мясцінах снег засыпаў горныя перавалы і прыпынялася дастаўка «духам» зброі з Пакістана, ворагі канцэнтравалі свае сілы менавіта тут, дзе і вяліся жорсткія баявыя дзеянні. Джэлалабад і размешчаны недалёк  Асадабад салдаты між сабой называлі ваенным пеклам.
На вайне давялося і ваяваць, і вучыцца адначасова, бо за плячыма тады яшчэ зусім юнага Мішы, якога разам з іншымі малодзенькімі салдацікамі кінулі ў «гарачую кропку», былі толькі трохмесячныя курсы ў вучэбцы. Што яны маглі? Ды практычна нічога, хлопцы не ведалі нават самага элементарнага — як весці бой.
Міхаіл быў вадзіцелем. Перавозіў сакрэтную карэспандэнцыю. Адкуль і якую і сёння не расказвае, спасылаецца на сакрэтнасць. Адказнасць за груз была вялікая. У выпадку небяспекі павінен быў ліквідаваць і сябе, і машыну.
Было няпроста ў чужой краіне. «Тут за кожным паваротам чакаў вораг. Мірныя жыхары, якія днём усміхаліся і гасцінна запрашалі цябе ў дом, ноччу браліся за зброю», — расказвае мой субяседнік.
Аднак першым ворагам салдат была невыносная спёка ў 60-70 градусаў. Выратоўвала вада, але яна ў фляжках плёскалася не заўсёды. З незнаёмай крыніцы піць забаранялася, як і купацца ў вадаёме. Вада магла быць атручанай. Але юнакам верыць у гэта не хацелася. Пакупаюцца, змочаць адзенне і пойдуць далей. І добра, калі ўсё абыходзілася.

Не забыць, не сцерці
«Служба ў Афганістане, нягледзячы на цяжкасці, праз якія давялося прайсці там, займае асаблівае месца ў маім лёсе. Вайна навучыла многаму, — прызнаецца Міхаіл Мандрык. — Я пасталеў, стаў разумець людзей. І што самае галоўнае — навучыўся па-сапраўднаму цаніць жыццё, сяброўства».
Кожная сустрэча з ворагам — веха ў памяці Міхаіла Іванавіча, якую не забыць, не сцерці. Ён добра памятае выпадак, калі па сваёй неасцярожнасці пацярпеў малады баец. У час руху калоны па горнай дарозе машына, што ішла наперадзе, узарвалася. Узрыўная хваля, пракаціўшаяся ў радыусе пяці метраў, закранула салдата, які ехаў на бронетранспарцёры. Хлопец страціў зрок, быў камісаваны.
Вайна вайной, аднак былі і прыемныя моманты ў афганскім жыцці Міхаіла Іванавіча: хвіліны, калі салдатам дазвалялася пафатаграфавацца. Свайго фотаапарата ні ў кога не было, таму карысталіся тым, які давалі афіцэры. «Фатаграфіі, дасланыя родным, супакойвалі іх, — гаворыць Міхаіл Мандрык. — Сведчылі, што з намі ўсё добра».
Першыя паўгода ў лістах да маці ён пісаў, што службу праходзіць у Германіі. Баяўся, не вытрымае сэрца роднага чалавека праўды. Нават сёстры і бацька, якія ведалі ўсё, маўчалі.
Лісты з Афганістана і сёння маці беражліва захоўвае з ваенным фотаальбомам сына. Як вялікая рэліквія ў шафе вісіць і пінжак з узнагародамі, дзе побач з юбілейнымі ззяе медаль «За баявыя заслугі», па праве атрыманая. Калі «духі» ўзарвалі казарму, дзе знаходзіліся салдаты, Міхаіл Іванавіч разам з камандзірам аддзялення ратаваў раненых. Шасцярых хлопцаў пад кулямі ён на машыне даставіў у шпіталь.
За што ваяваў, Міхаіл Іванавіч і сёння дакладна не можа сказаць: «Выконваў інтэрнацыянальны абавязак, дапамагаў афганскаму народу. Мы абаранялі іх ад імперыялістычнай агрэсіі. Сэнс гэтых  слоў тады мы не разумелі. Пра вайну ніхто не гаварыў, нават калі былі ў вучэбцы ў Брэсце. Перад пасадкай у самалёт, які ляцеў у Джэлалабад, пра благое не думалася. Мы — у арміі, мы — служым…»

 Ала ЯКАЎЛЕВА.
  На здымку: Міхаіл Мандрык.