Дом, дзе жыве гісторыя

IMG_3668_У навагоднія дні прынята падводзіць вынікі мінулага года і будаваць планы на будучыню. Сенненскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей не выключэнне з гэтага правіла. Пра яркія падзеі музейнага жыцця ў 2013-м і аб тым, што цікавага рыхтуе музей у 2014-м годзе, чытачам «ГС» распавяла галоўны захавальнік музейных фондаў Браніслава ЖАЛТАБРУХАВА.

— Беларускія музеі мяняюцца разам са светам. Разглядаючы перспектывы развіцця музейнай справы, няцяжка прыйсці да высновы, што ў гэтым пытанні патрабуецца інавацыйны падыход. Новыя формы работы з наведвальнікамі дазваляюць выйсці на новы віток і спрыяюць развіццю культурна-пазнавальнай працы ў рэгіёнах. Музейнае жыццё становіцца надзвычай цікавым якраз дзякуючы інавацыям. Разам з тым, музей выконвае шэраг значных сацыякультурных функцый: захоўванне, даследаванне, экспанаванне, папулярызацыя культурнай спадчыны. Сёння музейнаму работніку неабходна пашыраць межы культурнай прасторы.
    — У сувязі з гэтым актуальным застаецца ўзаемадзеянне музея са школай. Як сёння ажыццяўляецца супрацоўніцтва з установамі адукацыі нашага раёна?
— Больш трывала ў музейную практыку ўваходзяць адукацыйныя праграмы і музейныя праекты. Так, адукацыйная праграма «Зямля бацькоў — мая зямля», якая складаецца з комплексу музейных заняткаў, распрацавана ў цеснай сувязі з планам выставачнай дзейнасці музея, прычым кожны занятак мае варыянты, разлічаныя на рознаўзроставую аўдыторыю навучэнцаў школ раёна. Урокі праводзяцца ў форме базавых і нетрадыцыйных форм культурна-адукацыйнай дзейнасці: экскурсій, лекцый, пазнавальных інтэрактыўных гульняў, конкурсаў, віктарын, гутарак, музейных свят.
 — Музей актыўна імкнецца абвергнуць звыклае ўяўленне пра сябе як пра месца застылай гісторыі. Паступова ён становіцца своеасаблівым культурна-адукацыйным цэнтрам, дзе наведвальнік з’яўляецца  дзеючай асобай.
— Экспазіцыйная і культурна-адукацыйная дзейнасць установы, наглядна праяўляецца ў тэндэнцыі ствараць больш прывабныя для наведвальнікаў экспазіцыі шляхам змяшчэння ў іх дзеючых мадэляў і розных тэхнічных сродкаў: гукавога суправаджэння, кінаэкранаў, манітораў, камп’ютараў, а таксама ў выкарыстанні тэатралізаваных формаў працы, музейных канцэртаў.
Вось ужо 4 гады ў музеі паспяхова рэалізуецца праект «Вясельны вянок», які ўключае ў сябе тры вясельных абрады.
У планах музея — стварэнне на базе фальклорнага калектыву, які працуе сёння над аднаўленнем абрадаў і правядзеннем музейных свят, паўнавартаснага фальклорна-этнаграфічнага тэатра. Гэта створыць у музеі асаблівую духоўную атмасферу, будзе спрыяць творчаму развіццю музейнага калектыву ў цэлым.
   — Супрацоўнікі музея і самі нярэдка з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.
— Конкурсы мяняюць вобраз музейшчыка. У лістападзе 2013 года Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей зноў стаў дыпламантам XII абласнога свята гумару «Смяяцца не грэх», які прайшоў у г.п. Шуміліна. Конкурсны сувенір «Супер-пудзіла», падрыхтаваны раённым Домам рамёстваў (аўтарская работа народных майстроў Тамары Кучынскай і Вольгі Квашко), быў любоўна названы музейшчыкамі Сеня Сенненскі і абыграны музычна-тэатралізаваным прывітаннем. Цудоўны выраб дэкаратыўна-прыкладной творчасці, які спалучае ў сабе традыцыю і сучаснасць  можа стаць фішкай любой установы культуры, спрыяючы яе папулярнасці, а тым самым і папулярнасці раёна.
Да 70-годдзя вызвалення Беларусі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рыхтуецца праект, прысвечаны танкаваму бою 1941 года пад Сянном, які музей мае намер прадставіць на II Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» ў 2014 годзе, і новая музейна-адукацыйная праграма «Мы ідзем дарогамі вайны».
 — Браніслава Барысаўна, як вы ацэньваеце мінулы год?
— 2013 год для Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея быў складаным, але насычаным цікавымі падзеямі: навагоднія мерапрыемствы, міжнародная акцыя «Ноч музеяў», музейныя заняткі, урачыстыя адкрыцці і канцэрты. Усё гэта дапамаглі ўвасобіць у жыцце сябры і калегі, якім Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей шчыра  дзякуе за аказаную дапамогу і спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з імі. Сярод іх Валянціна Каржыцкая, Вольга і Вера Берашэвічы, Святлана Бянцяй,фальклорны калектыў Багушэўскага ДК «Макавея», вакальная група «Весялухі» Ходцаўскага СДК, Аляксей Абушкевіч, вучань 3 «А» класа Сенненскай СШ № 2, Валянціна Бельская, Аляксандр Васілёнак, Раіса Усціновіч, Казімір Асіповіч, Сяргей Новікаў, Аляксей Яфімаў.

Гутарыла
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
 На здымку: на сядзібе Сені Сенненскага.