Вусаты нянь

Рэдкасць прафесіі залежыць не толькі ад колькасці валодаючых ёю лю­дзей, але і ад прыналежнасці спецыяліста да таго ці іншага полу. Нягледзя­чы на наша эмансіпіраванае стагоддзе, у грамадстве, па-ранейшаму, назіраецца падзел на мужчынскія і жаночыя прафесіі. Вайсковец, будаўнік і г.д. — праца для сапраўдных мужчын. Ну, а настаўнікі  — пераважна жаночая справа. Але сёння ўсё часцей можна ўбачыць жанчыну-вай­скоў­ца, ды і да мужчын-кухараў ці швачак, што казаць, прызвычаіліся. Але вось каб мужчына —выхавальнік  дашкольнай установы… Такое я пабачыла ўпершыню. І дзе? У дзіцячым садку №2 г.Сянно, куды неўзабаве накіравалася, каб пагля­дзець больш уважліва на гэтае дзіва.

 — Аляксандр Мікалаевіч! Аляксандр Мікалаевіч! — малышы кружыліся вакол зусім яшчэ юнака. А той з усмешкай пазіраў на сваіх гадаванцаў.

 Аляксандр Атрошкін – не спрактыкаваны спецыяліст у дашкольнай адукацыі. Хлопец вучыцца ў Віцебскім музычным кале­джы імя Салярцінскага па класе гітары. А ў садку толькі падпрацоўваў падчас летніх вакацый. Аднак у “Вясёлцы” прызналіся, што зусім не супраць прыняць Сашу ў штат выхавальнікаў на пастаяннай аснове.

 — Так і напішыце! — запэўнівае загадчыца дзіцячага садка №2 Наталля Целепнева. — Ён настолькі арганічна ўвайшоў у наш калектыў, што нават не ўз­нікае думкі, што сярод нас мужчына. Вельмі задаволены Сашам і нашы дзеці, іх бацькі.

 За такую працу Аляксандр узяўся па сваёй ахвоце. Неяк зайшоў у раённы ад­дзел адукацыі і пацікавіўся пра падпрацоўку.

 — Ёсць месца выхавальні­ка ў садку. Пойдзеш? – спыталі там.

 — А чаму б і не, — пагадзіў­ся Саша.

 Вось так і трапіў у “Вясёлку”. Пачынаючы з сямі гадзін раніцы і да шасці вечара Саша з дзецьмі. Самым цяжкім, па ягоным прызнанні, аказалася запомніць усіх дзетак па імёнах. У пытаннях педагогікі пры неабходнасці  дапамагалі разбірацца старэйшыякалегі. А хлопец толькі ўспрымаў карысныя парады бы губка. Саша справіў­ся б нават з самымі маленькімі наведвальнікамі садка, упэўнены ў калектыве. А пакуль у яго групе — самы няўрымслівы кантынгент — пяці- і шасцігадовая дзетвара. Праўда, сябе ён лічыць, хутчэй, ліберальным, чым строгім, выхавальнікам. Прынамсі, ніколі не дазваляе сабе павысіць голас (не тое што крычаць) на дзяцей.

 — А як жа тады супакойваеш свавольнікаў? — паўстае слушнае пытанне.

 — Усаджваю на месца і прапаноўваю падумаць над сваімі паводзінамі.

 Вось так проста! Мяккі і адначасова ўпэўнены голас Сашы заспакаяльным чынам дзейнічае на малых гарэз.

 Працаваць з дзецьмі яму падабаецца. Саша нават задумваецца: ці не зрабіць у будучыні педагагічную прафесію пастаяннай. Адно бянтэжыць — невысокія заробкі. На будоўлі нашмат больш зарабляюць. Адзін час хлопец таксама падпра­цоўваў на будаўнічых работах. Пакуль яго выкладчык не забараніў — так можнатраўміраваць самае каштоўнае, што ёсць у музыканта, — рукі. Аднак свой будаўнічы вопыт Аляксандр прымяніў і тут, удзель­нічаў у рамонтных працах па падрыхтоўцы дзіцячага садка да новага навучальнага года.

 Найлепшым чынам паспрыялі ў яго нялёгкай выхавальніцкай рабоце і музычныя здольнасці. Саша нярэдка браў з сабой гітару. Малышы з задавальненнем слухалі музыку і спявалі песні. А неяк хлопец арганізаваў сапраўдны канцэрт гітарнай музыкі, слухачамі якога сталі выхавальнікі, нянечкі, дзеці, іх бацькі.          

 У музыку хлопец прыйшоў з-за цікаўнасці. Неяк жонка яго будучага вы­клад­чыка патэлефанавала  Сашынай маці з пытаннем: “Ці не жадае яе хлопчык навучыцца іграцьна гітары?”. Той  згадзіў­ся адразу. З цягам часу цікаўнасць перарасла ў захапленне. Ігар Клячын, выкладчык Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, першым раскрыў музычны талент хлопчыка. Саша хутка стаў  гонарам школы. Пастаянна прадстаўляў яе на розных канцэртах і конкурсах, у тым ліку на прэстыжным рэспубліканскім імя Жынові­ча. Невыпадкова, калі прыйшоў час паступаць у музычны каледж, сенненскага юнака ўзялі адразу на другі курс.  

 Зараз хлопец — студэнт трэцяга курса. Яшчэ два гады і Аляксандр Атрошкін — дыпламаваны выкладчык. Але планы ў Сашы куды больш амбіцыйныя — працягнуць адукацыю ў Акадэміі музыкі і стаць адмысловым музыкантам. Хочацца верыць, што напера­дзе яго чакаюць толькі лепшыя канцэртныя пляцоўкі. А колішнія выхаванцы дзі­ця­чага садка будуць з гонарам узгадваць свайго выбітнага выхавальні­ка.

Вольга

Бандарэвіч.