Перадалі сямейныя рэліквіі

IMG_5938_цв1Нядаўна ў музей баявой і працоўнай славы Машканскай школы завіталі Галіна Аляксандраўна Куліева з дачкой Ганнай, унукам Клімам і ўнучкай Рытай. На сямейным савеце яны вырашылі перадаць школьнаму музею Ганаровыя граматы і памятныя медалі свайго мужа, бацькі, дзеда Худавердзі Алахвердыевіча Куліева, былога дырэктара школы.

Худавердзі Куліеў кіраваў школай з 1981 па люты 2013 года. Узнагароджаны ганаровым званнем «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Ён быў добрым дырэктарам,  сапраўдным настаўнікам. Як гісторык, з’яўляўся кіраўніком музея, унёс вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне не толькі вучняў школы. Худавердзі Алахвердыевіч вельмі любіў, калі ў навучальную ўстанову прыязджалі госці з іншых школ і раёнаў, калі яны наведвалі музей.
Унук Худавердзі Куліева, вучань 6 класа Машканскай школы, вельмі любіць урокі гісторыі, марыць прыняць удзел у раённай алімпіядзе па гэтым прадмеце, з’яўляецца членам краязнаўчага гуртка «Памяць», актыўна ўдзельнічае ў раённых і рэспубліканскіх конкурсах патрыятычнай тэматыкі. Да таго ж, добра вучыцца, чым заўсёды ганарыўся яго дзед. Унучка Рыта вучыцца ў школе ў Віцебску. Яна актывістка, выдатніца, таксама цікавіцца гісторыяй.
Дзед быў прыкладам не толькі для сваіх родных. Усё яго жыццё было ўзорам грамадзянскасці. Ён імкнуўся, каб кожны вучань школы меў актыўную пазіцыю і стараўся самарэалізавацца ў жыцці.
   Матэрыялы, перададзеныя ў школьны музей сям’ёй Куліевых, зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыі.

Анна Бурштын,
вучаніца 10 класа Машканскай школы, член гурткоў «Памяць» і «Голас юнага краязнаўца».
 На здымку: дырэктар Машканскай школы Аляксандр Бяляцкі і сям’я Куліевых у час перадачы сямейных рэліквій музею.