Прафесія мужных

n4s1

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Сяргей Насечанка, камандзір аддзялення, і Ілья Сачнёў, начальнік варты ПАВЧ №1, у час вучэбнай праверкі касцюма сухога тыпу.

19 студзеня супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень выратавальніка.

Іх праца складаецца  з ліквідацыі пажараў, наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Важны напрамак дзейнасці — прафілактыка ўзнікнення пажараў. Для гэтага праводзяцца інструктажы для работнікаў розных арганізацый, трэнінгі са школьнікамі, акцыі, конкурсы, адпрацоўваюцца планы эвакуацыі на выпадак пажаранебяспечнага становішча. У прафілактычнай рабоце Сенненскі РАНС актыўна супрацоўнічае з  РАУС, раённай газетай, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, сельвыканкамамі.
У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуюць група выратавання на вадзе і служба хімічна-радыяцыйнай абароны. На сродкі абласнога ўпраўлення МНС сёлета ў аддзел закуплены спецыяльная дошка выратавальніка і касцюм сухога тыпу, якія выкарыстоўваюцца пры выратаванні людзей на вадаёмах, гідраўлічныя інструменты, прызначаныя для выратавання людзей у час  аварый.
Работа выратавальнікаў-пажарных патрабуе вынослівасці, кемлівасці, хуткай рэакцыі і практычна поўнай адсутнасці страху ў  надзвычайных сітуацыях.
— За 2013 год на тэрыторыі Сенненскага раёна адбылося 33 пажары, на якіх загінула 5 чалавек, — кажа Андрэй Рогаў, намеснік начальніка Сенненскага РАНС. — А гэта на 4 пажары і 1 чалавека менш, чым у папярэднім годзе. Асноўная колькасць пажараў адбываецца ў прыватным сектары: гараць адрыны, лазні, хаты. У 2013 годзе адбыўся пажар на адным з дзяржаб’ектаў — згарэла шаха і льнотраста на ільнозаводзе ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».
Акрамя пажараў супрацоўнікі РАНС выязджалі на месцы па ліквідацыі шэршняў, вос, якія пагражалі здароўю грамадзян, ратавалі жывёлу.  Так, напрыклад, у адной з кватэр райцэнтра з-пад халадзільніка давялося даставаць суседскага ката. Ён сядзеў там некалькі дзён, але людзям не даваўся ў рукі.IMG_3569_
Прафесія выратавальнік у Беларусі паважаная і папулярная. Пра гэта сведчаць высокія конкурсы ў навучальныя ўстановы краіны, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў для падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях: Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны тэхнікум, Гомельскі інжынерны інстытут МНС і Камандна-інжынерны інстытут МНС, што знаходзіцца ў Мінску. Па словах інспектара групы ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Сенненскага РАНС Івана Вішнеўскага ў гэтым годзе плануюць звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка тры сенненцы.
Адвагу выратавальнікаў мы ўспрымаем, як належнае, і заўсёды ўпэўнены: калі патрапім у бяду — першымі на дапамогу прыйдуць супрацоўнікі МНС. Таму і прынята пра іх працу казаць з павагай і падзякай.

 Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота  Андрэя МУРАШЭВІЧА.