Вызначыліся больш эканомныя

 ecologo   Падведзены вынікі конкурсаў па эканоміі і беражлівасці, у якіх на працягу мінулага года прынялі ўдзел усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Конкурсныя мерапрыемствы засведчылі —   у азначаным напрамку працуе сістэма выхаваўчай работы.

У розных намінацыях конкурсу «Лепшая творчая распрацоўка» па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў першыя месцы атрымалі педагог-арганізатар Нямойтаўскай школы Вольга Рукаль; вучаніца СШ №1 г.Сянно Наталля Дунец (кіраўнік работы Л.І.Крыштопенка); члены рэдкалегіі піянерскай дружыны імя Алега Кашавога (кір. В.М.Рукаль) і аўтарскі калектыў вучняў 2— 4 класаў (кір. Ж.А.Казлова) Нямойтаўскай школы; вучні СШ №1 г.Сянно Андрэй Вільчынскі і Сяргей Дзегалевіч (кір. Т.У.Шаўчэнка); вучні 5 класа Какоўчынскай школы (кір. Ю.В.Ляоненка); вучаніца Алексініцкай школы Уладзіслава Піво (кір. Е.Н.Камандышка).
У конкурсе мультымедыйных прэзентацый лідарам стаў вучань Багданаўскай школы Раман Любачка.
Як і ў многіх іншых раённых конкурсных мерапрыемствах вызначыліся выхаванцы Т.П.Каранеўскай: вучні аб’яднання па інтарэсах «Прыгажосць сваімі рукамі» Машканскай школы і «Млын моды» Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі, якія занялі ўсе прызавыя месцы ў конкурсе «Лепшы экспанат» на  выкананне вырабаў у розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці з абавязковым выкарыстаннем другаснай сыравіны. Дарэчы, і сама Таццяна Паўлаўна атрымала прызавое месца за распрацоўку пазакласнага занятку.

Таццяна Буракова.