Падарункам былі рады

 N1-2-14  Напярэдадні новага года ў шэрагу сацыяльных устаноў горада пабываў старшыня райвыканкама Віктар Цапота.

У сацыяльна-педагагічным цэнтры г.Сянно (колішнім прытулку), дзе праходзіў святочны ранішнік для дзяцей, якія зараз знаходзяцца ў цэнтры, а таксама  былых выхаванцаў, што прыйшлі на свята  разам са сваімі біялагічнымі і прыёмнымі бацькамі, Віктар Уладзіміравіч пажадаў прысутным усяго самага найлепшага ў новым годзе і адзначыў: «Новы год — свята цудаў, калі здзяйсняюцца самыя запаветныя жаданні. Таму хочацца спадзявацца, што дзеці, якія сёння знаходзяцца ў прытулку, у хуткім часе вернуцца ў свае сем’і».
З рук старшыні райвыканкама хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія падарункі. Віктар Цапота таксама ўручыў cацыяльна педагагічнаму цэнтру пыласос і дошку для прасавання.
Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыліся супрацоўнікі Сенненскага ПМС, ваенкамата, якія прывезлі салодкія пачастункі, шэфы з раённага вузла паштовай сувязі — канцэлярскія прыналежнасці. Індывідуальныя прадпрымальнікі Ігар Фурман, Сяргей і Святлана Палюх парадавалі дзяцей цукеркамі і цацкамі.
Агульным сюрпрызам для ўсіх стала навагодняе прадстаўленне, падрыхтаванае педагогамі цэнтра. Яркія, маляўнічыя героі, гульні, конкурсы, песні нікога не пакінулі раўнадушным.
Падарункам ад раённай улады наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўваня насельніцтва стала швейная машына. Карыстацца ёй выхаванцы змогуць у час наведвання гуртка «Працоўная рэабілітацыйная майстэрня». Старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што падарунак будзе садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу яго старшыня Анатоль Кучынскі падарыў аддзяленню кухонны камбайн «Памочніца», а яго наведвальнікам — салодкія прэзенты.
Раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру», якую прадстаўляла старшыня аб’яднання Тамара Смірнова, таксама парадавала падарункамі. Павіншавалі інвалідаў і сябры аддзялення: кіраўніцтва ЦБП №218 ААТ «ААБ Беларусбанк», індывідуальныя прадпрымальнікі, фермеры, жыхары горада.
Для гасцей выхаванцы аддзялення падрыхтавалі святочную праграму, пасля якой усіх пачаставалі духмянай гарбатай.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.