Зацікаўлены дыялог па дзяржаўных праблемах

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ  Яноўскай школе прайшоў дзень выканкама. Члены раённага выканаўчага камітэта на чале з кіраўніком раёна Віктарам Цапотай сустрэліся з настаўнікамі і школьнікамі навучальнай установы.

Традыцыйная для Сенненскага раёна форма работы з насельніцтвам служыць для глыбейшага вывучэння праблем  людзей, з якімі яны сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў «круглага стала», які стаў цэнтральным мерапрыемствам дня выканкама, Віктар Цапота папрасіў: «Я хацеў бы, каб сёння мы гаварылі не толькі аб праблемах Яноўскай школы. Я спадзяюся на зацікаўленае абмеркаванне агульнараённых праблем».
Тон у размове задавалі старшакласнікі і маладыя педагогі школы. У прыватнасці, іх цікавіла перспектыва развіцця аграгарадка і ААТ «Бяленева», магчымасць атрымаць жыллё. Падобныя пытанні не могуць не радаваць, бо, як мінімум, сведчаць аб зацікаўленасці моладзі мясцовымі праблемамі, а, магчыма, і аб жаданні звязаць свой лёс з малой радзімай.     Такому настрою садзейнічалі значныя інвестыцыі, якія ў апошнія гады ўкладзены сельгасарганізацыяй і Багушэўскім спіртзаводам у вытворчасці. ААТ «Бяленева» будуе малочнатаварную ферму з даільнай залай, бровар — сушыльна-ачышчальны комплекс, памяшканні для захавання зерня. Тым самым ствараюцца новыя рабочыя месцы, якія гарантуюць працу на сучасным тэхналагічным узроўні, дастойную зарплату. Яна і дапаможа, на думку Віктара Цапоты, вырашыць жыллёвыя праблемы.
Зрэшты, каб займець жыллё, існуюць  іншыя  варыянты.  Сельгаспрадпрыемствы могуць і павінны аднаўляць некалі кінутае жыллё, лічыць Віктар Цапота. А яшчэ ён не хаваў свайго негатыўнага стаўлення да досыць распаўсюджанай у некаторым асяродку  сельскіх работнікаў  псіхалогіі ўтрыманства: «Бывае, да мяне звяртаюцца жыхары раёна: чаму нізкая «палучка»? А якая можа быць «палучка»? Дастойны заробак бывае ў тых, хто добра працуе: доіць нават зараз штодня па 700-800 літраў малака, рэгулярна выконвае норму выпрацоўкі на палявых работах».OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Не пагадзіўся кіраўнік раёна і з выказваннем, што ў раёне існуе дэфіцыт кадраў. «У нас дэфіцыт умелых рук і светлых галоў. Але і гэтая праблема будзе вырашана пасля спецыяльнай нарады, якую правёў нядаўна Прэзідэнт краіны», — падкрэсліў Віктар Цапота. Ён быў удзельнікам той нарады.
У час правядзення «круглага стала» не замоўчваліся і іншыя вострыя праблемы. На прама пастаўленыя пытанні даваліся такія ж прамыя адказы. Нехта з удзельнікаў «круглага стала» ўнёс прапанову пабудаваць у Янове кавярню. «Я не супраць. Толькі хто захоча яе будаваць у населеным пункце, дзе жыве крыху больш за 600 чалавек? Ні прыватная асоба, ні райспажыўтаварыства не пагадзяцца на эканамічна немэтазгодны праект», — прывёў довады старшыня райвыканкама.
З улікам таго, што дзень выканкама ў Янове праходзіў у канцы года, былі падведзены некаторыя вынікі работы раённых арганізацый, у першую чаргу, — сацыяльнай сферы. У райцэнтры за год шмат зроблена па добраўпарадкаванні вуліц, рамонце памяшканняў, набыцці новага абсталявання для ЦРБ. Бюджэтныя сродкі ўкладваліся  ў школы і дзіцячыя садкі, установы культуры.
Госці школы прынялі ўдзел у іншых мерапрыемствах дня выканкама: наведалі адкрытыя ўрокі, факультатыўныя заняткі, заняткі па інтарэсах.
   З цікавасцю пазнаёміліся з выставай творчых работ вучняў, метадычнымі распрацоўкамі настаўнікаў. Прэзентацыю дзейнасці навучальнай установы зрабіла яе дырэктар Валянціна Буракова. Вельмі шырока, але ў іншай форме, прадставілі школу вучні і педагогі. Яны падрыхтавалі і паказалі своеасаблівае сцэнічнае прадстаўленне «Незвычайныя расказы пра школу», у якім знайшлося месца гумару і песням, міні-спектаклям і вершам.
Школа ў Янове працуе з 1937 года. Сёлета ў ёй вучыцца 99 вучняў і 39 дашкольнікаў. Іх навучаннем і выхаваннем заняты 27 настаўнікаў. Узровень ведаў, які яны даюць, даволі высокі. Леташняя выпускніца школы атрымала залаты медаль за асаблівыя поспехі ў вучобе. Але стаяць на месцы калектыву школы нельга. Трэба павышаць сваю кваліфікацыю, трэба паспяваць за зменамі, што адбываюцца ў педагогіцы і грамадстве. Трэба захаваць тую ролю, якую сельскі настаўнік іграў на працягу многіх гадоў, фарміруючы ў падрастаючага пакалення лепшыя грамадзянскія якасці. Педагог у нашай краіне застаецца  выразнікам дзяржаўных інтарэсаў і ідэй, даносіць іх не толькі да вучняў, але і іх бацькоў.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.