На сенненшчыну як дамоў

12-13-2«Першае працоўнае месца, як і радзіму, нават каб і  хацеў сцерці з памяці, не атрымаецца, — лічыць Анастасія Рыбакова, малады спецыяліст ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». — Гэта падмурак, дзе назапашваецца жыццёвы і прафесійны вопыт».

Працуе дзяўчына бухгалтарам. У калектыве — крыху больш за пяць месяцаў, аднак за такі непрацяглы час ужо асвоілася. Трывалыя веды, разважлівасць і аптымістычны характар добра дапамагаюць выпускніцы факультэта «Бухгалтарскі ўлік» Беларускай  сельскагаспадарчай акадэміі станаўленню ў прафесіі. З разуменнем адносяцца да маладога спецыяліста і адміністрацыя прадпрыемства.
Бухгалтэрыя для Анастасіі — справа знаёмая з дзяцінства: бабуля прысвяціла ёй усё жыццё, а маці і сёння рупіцца бухгалтарам у адным з прадпрыемстваў Гарадоцкага раёна. Ёсць у каго вучыцца, з каго браць прыклад.
Ды і сама Насця сёння можа падзяліцца сваімі ведамі ў галіне ўліку разлікаў з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі. У час вучобы на гэту тэму напісала тры навуковыя працы, якія змешчаны ў зборніку артыкулаў «Навуковы пошук моладзі XXI ст. г.Горкі», а таксама былі адпраўлены ў тэхналагічныя ўніверсітэты Віцебска і Луганска, што ва Украіне.
Трапіла ў наш раён Насця па размеркаванні. Убачыўшы ў прапанаваным спісе Сенненскі раён, літаральна выпрасіла накіраванне. Любімае, роднае мястэчка, так ласкава дзяўчына называе наш райцэнтр. Менавіта тут прайшло яе дзяцінства. Пасля пераезду з бацькамі ў Гарадоцкі раён малая радзіма стала яшчэ даражэй, бо тут засталіся сябры, сваякі.
Яе бацькі не вернуцца ў Сянно. Узрост не той, не адважацца пачынаць жыццё на новым месцы. А вось Анастасія, якой падабаецца блакітнавокі, любімы з дзяцінства край, разглядае раён, як добрае месца, дзе можна было б і застацца. «Калі знойдзецца той, з якім змагла б пайсці па жыцці, а чаму б і не», — смяецца дзяўчына.
Перажывае крыху, што ў культурна-забаўляльным плане Сенненшчына адстае. Напрыклад, не хапае басейна. У час вучобы ў Горках яна не прапусціла ніводнага занятку па плаванні. Але зараз гэта не галоўнае, гаворыць Анастасія. Калі моцна захацець, пазабаўляцца можна з’ездзіць у абласны цэнтр. А вось жыць і выхоўваць дзяцей лепш у гарадку маленькім, спакойным, якім і з’яўляецца Сянно.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.
  Фота аўтара.