Няхай надзея сэрца сагравае

N2r-06У наш час няпроста жыць многім. Але такая катэгорыя людзей, як інваліды, мае асаблівую патрэбу ў абароне і ўвазе. Здаровым нават цяжка ўявіць, з якімі праблемамі і складанасцямі сутыкаюцца ў жыцці людзі, што пакутуюць ад тых ці іншых немачаў.
    У асаблівай увазе маюць патрэбу не толькі дарослыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але і дзеці-інваліды, і не толькі з боку бацькоў, але і грамадства, дзяржавы.
У Сенненскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі навучаецца 128 дзяцей з асаблівасцямі развіцця, у тым ліку 108 — інвалідаў. Педагогі цэнтра рыхтуюць іх да будучага максімальна магчымага самастойнага жыцця ў соцыуме.
Каб забяспечыць больш паўнацэнны працэс абучэння і аблегчыць працу бацькоў, у пачатку бягучага навучальнага года цэнтр набыў спецыяльны транспарт для падвозу дзяцей на заняткі. За дапамогу ў яго набыцці бацькі навучэнцаў і педагогі ўстановы вельмі ўдзячны райвыканкаму і аддзелу адукацыі, спорту і турызму.
Супрацоўнікам карэкцыйнага цэнтра ўдаецца дасягнуць важкіх вынікаў у развіцці сваіх падапечных. Іх выхаванцы праяўляюць свае творчыя магчымасці ў выяўленчым мастацтве, іншых відах самадзейнай творчасці, спорце.  На выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцы цэнтра прадстаўляюць работы разнастайных жанраў: малюнкі, вышыўку, вырабы з бісеру, прыроднага матэрыялу, карціны, аплікацыі…
У карэкцыйным цэнтры стала добрай традыцыяй наладжваць для дзяцей і бацькоў сумесныя мерапрыемствы, якія дазваляюць згуртавацца, дапамагаюць з надзеяй глядзець у будучае.
Нядаўна такая сустрэча прайшла з нагоды Дня інвалідаў. У госці да выхаванцаў цэнтра завіталі выхаванцы дзіцячага сада №2. Яны з дапамогай музычнага кіраўніка Наталлі Клячынай падрыхтавалі для гаспадароў невялікі канцэрт.
Дзятву і дарослых весялілі таксама клоуны Сцяпан і Вася. Яны запрашалі ўсіх на гульні, конкурсы, танцы, прапаноўвалі білецікі бяспройгрышнай латарэі.
На развітанне дырэктар цэнтра Алена Васілёнак уручыла навучэнцам падарункі, набытыя з дапамогай пастаянных спонсараў установы індывідуальных прадпрымальнікаў Марыі Мяснікавай і Аляксандра  Калмыкова. Атрымалі падарункі і выхаванцы дзіцячага сада.
Спонсарскую дапамогу цэнтру ў арганізацыі свят і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аказваюць таксама старшыня ААТ «Іванаўскі-АГРА» Віктар Унуковіч і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Андрыя».

 Таццяна Буракова.
 На здымку: у час мерапрыемства, прысвечанага Дню інвалідаў.
 Фота аўтара.