Дораць людзям спакой

bgs-96

Алена Кошалева, дырэктар прадстаўніцтва БРУСП «Белдзяржстрах» па Сенненскім раёне.

 З гісторыі
Гісторыя страхавання бярэ свой пачатак з далёкіх часоў. Яшчэ на зары цывілізацыі людзі аб’ядноўваліся і стваралі касы ўзаемадапамогі. Купцы страхавалі свае караблі, якія адпраўляліся ў рызыкоўныя плаванні, члены рамесных цэхаў — свае майстэрні.
У сярэднявеччы на землях Беларусі страхаванне стала абаронай ад самай распаўсюджанай бяды — пажараў.
Першыя спробы арганізаваць страхавую справу ў нашай краіне адносяцца да канца ХVІІІ стагоддзя, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.
З цягам часу страхаванне ўдасканальвалася і напярэдадні Першай Сусветнай вайны страхавы рынак на тэрыторыі Беларусі развіваўся вельмі дынамічна. Тут дзейнічалі і канкурыравалі паміж сабой розныя страхавыя інстытуты: працавалі расійскія і замежныя страхавыя таварыствы, дзейнічалі мясцовыя і агульнарасійскія таварыствы ўзаемнага страхавання, паспяхова функцыяніравала земскае страхаванне.
Пасля вайны, рэвалюцыі адраджэнне страхавання пачалося з паваротам да новай эканамічнай палітыкі ў 1921 годзе. І вось ужо амаль стагоддзе Белдзяржстрах дапамагае людзям у складаных жыццёвых сітуацыях, дорыць ім спакой і ўпэўненасць.

 Традыцыйнае і новае
Сёння страхавыя работнікі Беларусі ў чарговы раз адзначаюць сваё прафесійнае свята. З якімі вынікамі прыйшоў да яго калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Сенненскім раёне, расказала яго дырэктар Алена Кошалева.
Прадстаўніцтва прапаноўвае жыхарам Сенненшчыны 74 віды страхавання: 17 абавязковых і 57 добраахвотных. Традыцыйнымі з’яўляюцца такія абавязковыя віды, як страхаванне пабудоў, грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў (як юрыдычных, так і фізічных асоб), перавозчыкаў, няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, сельскагаспадарчых культур, медыцынскае страхаванне. Сярод добраахвотных відаў папулярнасцю карыстаюцца страхаванне кватэр, хатняй маёмасці, будынкаў.
Белдзяржстрах заўсёды ідзе ў нагу з часам. Грамадзянам прапаноўваюцца новыя актуальныя віды страхавання. Напрыклад, такія, як страхаванне мабільных тэлефонаў і іншых электронных устройстваў.

Яны і раней прымаліся на страхаванне ў Белдзяржстраху, але разам з усімі прадметамі хатняй маёмасці. Таму страхавая абарона дзейнічала толькі па канкрэтным адрасе, указаным у страхавым полісе.
У адпаведнасці з умовамі новага віду страхавання пераносныя партатыўныя ўстройствы могуць быць застрахаваны ад страты ў выніку крадзяжу, рабавання, разбою незалежна ад іх месцазнаходжання ў межах Рэспублікі Беларусь. Такім чынам можна застрахаваць цыфравую аўдыя-, відэа-, фотаапаратуру, а таксама мабільныя тэлефоны, смартфоны і нават радыётэлефоны стандарта DECT. Можна застрахаваць і ноўтбукі, персанальныя камп’ютары, GPS-навігатары, электронныя запісныя кніжкі і г.д.

Лічбы і людзі
За 10 месяцаў бягучага года сенненскае прадстаўніцтва выканала план на 104,1%, тэмп росту па добраахвотных відах страхавання склаў 135,8%. Па страхавых дагаворах выплачана 4 млрд 869 млн рублёў.
Сёння ў прадстаўніцтве працуе 26 чалавек, 15 з іх — страхавыя агенты, якія абслугоўваюць насельніцтва самых аддаленых куткоў раёна.
У ліку лепшых Алена Кошалева называе страхавых агентаў Валянціну Сінькевіч, Валянціну Аўчыннікаву, Марыю Пятрашка, Алену Гетманаву, Марыю Сафіуліну, Святлану Дзегалевіч, якія шмат гадоў адпрацавалі ў прадстаўніцтве. Сярод маладых агентаў  вызначаецца Юлія Кішковіч, якая працуе толькі паўтара года.
Добра працуюць таксама вядучы спецыяліст Людміла Літоўкіна, вядучы эканаміст Галіна Малахава. Нядаўна прыйшлі ў арганізацыю, але ўжо ўнеслі свой важкі ўклад у вынікі яе работы спецыяліст І катэгорыі Дзмітрый Кацар, спецыяліст ІІ катэгорыі Яўген Гарнівецкі, галоўны бухгалтар Святлана Пагарэльская.
Успомніла добрым словам напярэдадні прафесійнага свята Алена Уладзіміраўна і ветэранаў прадстаўніцтва, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, Валянціну Прусаву, Аляксандра Галынчыка, Станіславу Канюшэўскую, Валянціну Ісанаву, Тамару Шубка, Івана Прыстаўку, Зінаіду Калеснікаву, Веру Купрыянаву, Зою Шарэнда, Людмілу Пагарэльскую.
Перад Белдзяржстрахам стаяць маштабныя задачы. Дзяржаўнаму страхаўшчыку трэба забяспечыць развіццё і ўдасканаленне  арганізацыі страхавой дзейнасці, умацаваць лідзіруючае становішча на нацыянальным страхавым рынку, павысіць сваю фінансавую ўстойлівасць, стварыўшы для гэтага самую сучасную  сістэму кіравання. У выкананне гэтых задач сваю лепту ўносіць і калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Сенненскім раёне.
Жадаем яму поспехаў і віншуем з прафесійным святам.

 Таццяна Буракова.

 Фота аўтара.