РАУС інфармуе

rovdПа факце крадзяжу
У ноч з 3 на 4 лістапада з магазіна № 82 райспажыўтаварыства, які знаходзіцца ў вёсцы Песачанка,  быў здзейснены крадзеж тавараматэрыяльных каштоўнасцей на агульную суму 4741624 рублі.
Прад’явіць абвінавачванне канкрэтнай асобе пакуль не ўдалося. Таму раённым аддзелам Следчага камітэта справа на падставе ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь узбуджана па факце крадзяжу неўстаноўленай асобай. На той жа падставе ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа па факце крадзяжу двухцыліндровага рухавіка ўнутранага згарання коштам 2 млн рублёў з гаража жыхара Віцебска, што знаходзіцца ў двары яго дачнага дома ў вёсцы Бесцвіна.
Дзве крымінальныя справы супраць адной асобы
У адносінах да загадчыцы комплекса буйной рагатай жывёлы ААТ «Белая Ліпа» ўзбуджана справа на падставе ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса — прысваенне альбо растрата маёмасці.
Адказная асоба ў пачатку ліпеня 2013 года здзейсніла крадзеж і рэалізацыю двух быкоў масай 216 і 224 кілаграмы агульным коштам 8717720 рублёў. У адносінах да яе ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа згодна з ч.1 арт.427. Ёй інкрымінуецца службовы падлог. Складаючы табель уліку рабочага часу, налічваючы заробак, яна наўмысна з карыслівай ці іншай зацікаўленасці ўнесла заведама ілжывыя звесткі ў табель уліку рабочага часу і зрабіла налічэнне заробку за красавік, май, чэрвень і кастрычнік 2013 года работніцы комплекса, якая  была звольнена яшчэ летам 2012 года.
Бензапілы ўкралі са сталярнага цэха
Пра гэта паведаміў прараб ПП «Дружбінец».
Па яго інфармацыі крадзеж быў здзейснены ў перыяд часу з 16 па 18 лістапада з вытворчага цэха прадпрыемства, якое знаходзіцца ў вёсцы Нямойта. Выкрадзены дзве бензапілы.
Інфармацыя правяраецца.