Міліцыянер — крыніца станоўчых эмоцый

DSC_7677_Міліцыянер-кінолаг групы затрымання Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Семірыкоў служыць у міліцыі больш за 20 гадоў.

«Жыццё  непрадказальнае. Менавіта за гэта я яго і люблю», — з філасофскага разважання пачаў размову Аляксандр Анатольевіч. Такі вось жыццёвы прынцып. Якія б выпрабаванні не выпадалі, ні пра што не шкадуе.
Жыццё Аляксандра Анатольевіча магло скласціся зусім па-іншаму. Мог застацца ў войску (магчымасць такая была), але дваццацігадоваму  хлопцу хацелася дамоў. Ды інакш паступіць ён і не мог: у Багушэўску чакалі маці і сястра. Застаўшыся адзіным мужчынам у сям’і (бацька памёр яшчэ перад тым як Аляксандра забралі ў армію), разумеў, што, як ніколі, патрэбен дома.
Доўгіх ваганняў наконт  працаўладкавання не было. Хлопцу хацелася ахоўваць правапарадак у сваім пасёлку. Сенненскае аддзяленне аховы стала тым месцам, дзе малады чалавек пачаў  працу.
На пытанне, чаму менавіта міліцыя, сёння Аляксандр Анатольевіч  адказвае: «З маленства бацькі вучылі станавіцца на бок справядлівасці». Апроч таго, аказаў уплыў на выбар будучай прафесіі яго родны дзядзька, які працаваў у пажарнай часці. Хлопцу заўсёды хацелася быць падобным на яго — смелага, моцнага.
Прынцыповы, патрабавальны як да сябе, так і да тых, хто побач, Аляксандр Анатольевіч спалучае ў сабе душэўную дабрыню і добрае пачуццё гумару. За неабыякавыя адносіны да працы, уменне ў патрэбны момант праявіць строгасць, за пастаянную гатоўнасць  да надзвычайных сітуацый яго і паважаюць калегі.
Мужчына сцвярджае, што абраная прафесія ніколі не выклікала негатыўных эмоцый. Адной з галоўных якасцей міліцыянера Аляксандр лічыць уменне чуць і слухаць людзей, быць добрым псіхолагам. Бо часта ў жыцці бываюць такія сітуацыі, калі да месца сказанае добрае слова супакоіць чалавека.
«Начныя дзяжурствы, неадкладныя выклікі, затрыманні… І паколькі я выбраў такі рытм жыцця — працы не здраджу, — гаворыць Аляксандр Анатольевіч. — Сям’я  разумее, падтрымлівае . А гэта галоўнае для мяне».
Сям’я Аляксандра — жонка Алена і сыны-блізняты Кірыл і Глеб. IMG_5136_
Павагу да чалавека ў форме, гонар называцца міліцыянерам і несці службу на карысць Радзіме, Аляксандр Анатольевіч перадаў сваім дзецям. Кірыл і Глеб — курсанты трэцяга курса факультэта міліцыі  аддзялення аператыўна-вышуковай дзейнасці Акадэміі Міністэрства Унутраных Спраў Рэспублікі Беларусь.
Сыноў сваіх вучыць не заставацца абыякавымі да таго, што адбываецца вакол. Ёсць магчымасць — дапамажыце. Не атрымліваецца — усё роўна зрабіце ўсё, каб дапамагчы — бацькоўская навука, якую сыны засвойваюць з дзяцінства. Чым больш добрых людзей, тым лепш жывецца, упэўнены Аляксандр Семірыкоў.
Можна па праве сказаць, што ў Аляксандра Анатольевіча і яго жонкі атрымалася дастойна выхаваць сыноў. А пацвярджэнне таму — падзячныя пісьмы з акадэміі.
Заслугі Аляксандра Анатольевіча за перыяд службы ў аддзяленні аховы не засталіся незаўважанымі з боку кіраўніцтва: неаднаразова заахвочваўся падзякамі і граматамі, мае нагрудныя знакі «За Адзнаку», «60 гадоў службе аховы», у 2013 годзе атрымаў дзяржаўную ўзнагароду — медаль «За бездакорную службу».
У вольны ад працы час са сваімі роднымі збягае ад жыццёвай мітусні на ўлонне прыроды. Лес, рыбалка — любімыя заняткі Семірыковых. І, безумоўна, адпачынак на беразе мора. «Мяне такі адпачынак заспакойвае, — гаворыць мужчына. — Ёсць магчымасць падумаць аб вечным, аддацца марам».

 

Ала ЯКАЎЛЕВА.