Традыцыі камсамола працягваюцца
9 кастрычніка Усесаюзнаму Ленінскаму Камуністычнаму Саюзу Моладзі споўнілася б 95 гадоў. Мерапрыемства, прымеркаванае да юбілею камсамольскага руху і ўшанавання маладых спецыялістаў, якія сёлета прыбылі ў наш раён, адбылося ў зале раённага Дома культуры.
95 гадоў у страі
29 кастрычніка 1918 года з’езд рабочай і сялянскай моладзі абвясціў стварэнне камсамола. Ужо ў 1919-м у камсамольскай арганізацыі Сенненшчыны налічвалася 20 чалавек. Камсамольцы сталі ініцыятарамі шматлікіх важных спраў.
У ваенныя гады, не шкадуючы сваіх маладых жыццяў, яны ваявалі на фронце, у партызанскіх атрадах, падполлі. У маі 1943 года актывізаваў работу Сенненскі падпольны райкам камсамола. У канцы года ў раёне дзейнічала 76 падпольных камсамольскіх арганізацый. За мужнасць і гераізм, праяўленыя моладдзю Беларусі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у верасні 1945 года камсамол Беларусі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 79-ці камсамольцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Наперадзе былі асваенне залежных зямель, камсамольскія будоўлі: Данбас, Нарыльск, Наваполацк…
Наш знакаміты зямляк Пётр Машэраў у 1949 годзе стаў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. Многія іншыя камсамольцы таксама ўнеслі значны ўклад у развіццё моладзевага руху на Сенненшчыне. Цяпер яны займаюць кіруючыя пасады, у тым ліку за межамі раёна: Сяргей Луцыковіч, Аляксандр Ласякін, Аляксандр Пабядзінскі, Вера Пазняк і іншыя. Былыя камсамольскія актывісты Эльвіра Сляднёва, Тамара Цярэня, Зоя Цікунова, Валянціна Каржыцкая, Юрый Квінто, Анатоль Гарнак, Алена Зайко — і сёння поўныя энтузіязму, творчасці, робяць шмат для патрыятычнага выхавання будучага пакалення. У сектарах уліку і фінансаў Сенненскага райкама ЛКСМБ працавалі Любоў Лыскова і Вольга Мялешка. Ала Бельская сёння — начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, у мінулым — член бюро Сенненскага раённага камітэта, першы сакратар Шумілінскага райкама камсамола. Зоя Фаміна была першым сакратаром Міёрскага раённага камітэта, а ў наш час — намеснік старшыні Сенненскага раённага выканаўчага камітэта.
Ад камсамола — да БРСМ
З прывітальным словам да актывістаў камсамольскага руху, маладых спецыялістаў і гасцей свята звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Леанід Хірэвіч.
— Я ўпэўнены, што для людзей, якія жылі ў эпоху Савецкага Саюза, камсамол —гэта не проста ўспамін, а цудоўная частка іх жыцця, — зазначыў Леанід Міхайлавіч. — Камсамол гуртаваў моладзь вялікай краіны, быў часткай савецкага народу.
У нашай краіне традыцыі камсамольскага руху працягвае грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», якое ў верасні гэтага года адзначыла адзінаццацігадовы дзень нараджэння. За гэты час БРСМ аб’яднаў у сваіх радах тысячы маладых людзей. Іх дзейнасць накіравана на работу ў студэнцкіх будаўнічых атрадах, на «шэфства» над ветэранамі, на арганізацыю і ўдзел у розных спартыўных мерапрыемствах, конкурсах. Акцыі «Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь!», «Аперацыя «Абеліск», «Дарогай герояў, дарогай бацькоў», «Квітней, Беларусь!», «Песні юнацтва нашых бацькоў» і іншыя сталі традыцыйнымі і на Сенненшчыне.
На сённяшні дзень у радах раённай арганізацыі ГА «БРСМ» налічваецца больш за тысячу сенненцаў. Яны аб’яднаны ў 56 пярвічных арганізацый. Найбольшы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна прымаюць пярвічкі Цэнтра банкаўскіх паслуг №218 г. Сянно ААТ «Беларусбанк», РВУ «Сяннорайгаз», райспажыўтаварыства, Багушэўскага лясгаса. Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, што праводзіць моладзевае грамадскае аб’яднанне, з’яўляюцца пярвічныя арганізацыі школ раёна. Маладыя людзі праяўляюць сябе ў працоўных дэсантах, добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахавання, на спартыўных мерапрыемствах.
Будучае за маладымі
Сёлета ў наш раён прыбыло 105 маладых спецыялістаў. Гэта будаўнікі і выратавальнікі, медыкі і педагогі, спецыялісты гандлю, культуры, прамысловасці, сельскай і лясной гаспадарак і інш. Па чарзе яны падымаліся на сцэну, дзе са своеасаблівым наказам да іх звярталіся прадстаўнікі тых сфер дзейнасці, дзе яны працуюць.
Адзначаўся ў той дзень і паўвекавы юбілей студатрадаўскага руху Беларусі. Кіраўнікі ААТ «Студзёнка» і «Бяленева», СУП «Саўгас імя Машэрава» не забыліся на памятныя падарункі для Машканскай, Яноўскай, Какоўчынскай і Студзёнкаўскай школ, вучні якіх удзельнічалі ва ўборцы сельгаспрадукцыі гэтага года.
Парадавалі сваімі тэматычнымі музычнымі кампазіцыямі Міхаіл Насоўскі, Таццяна Ладунец, Аляксандр Васілёнак, Юлія Крыўчанка, Вольга Красноўская, Галіна Хурко і інш. Цудоўны танец падарылі гасцям свята выхаванцы Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дарэчы, яго кіраўнік, у мінулым актывістка камсамольскага руху, Валянціна Каржыцкая таксама адзначыла 29 кастрычніка дзень нараджэння.
Мерапрыемства завершылася вялікім канцэртам.
Ірына ГАРБАЧОВА.
НА ЗДЫМКАХ: на сцэне РДК маладыя спецыялісты-педагогі;
ля стэндаў з экспанатамі, што сведчаць пра будні камсамольцаў Сенненшчыны.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.