Служыце годна, землякі!

IMG_2288_У апошні час на Сенненшчыне стала традыцыяй праводзіць «Дзень прызыўніка». Вось і сёлетняй восенню ў парку Трох герояў райцэнтра, ля бронетранспарцёра, устаноўленага ў гонар воінаў-афганцаў, прайшло чарговае ўручэнне павестак будучым  салдатам беларускіх узброеных сіл.

Больш паўсотні прызыўнікоў пройдуць «школу жыцця» ў вайсковых часцях Віцебска, Барысава, Заслонава, Полацка, Фаніпаля, Валожына, Мінска. На тэрміновую службу прызываецца больш за  40, для службы ў рэзерве — каля 10.
Даць наказ сенненцам, для якіх у бліжэйшыя дні казарма стане домам, якія зменяць цывільнае адзенне на ваенную форму, прыйшоў раённы ваенны камісар Сяргей Пінчук. Разам з выконваючай абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Марынай Наваковіч ён уручыў  павесткі.
Віншавалі сваіх былых працаўнікоў, будучых салдат, паднеслі ім памятныя падарункі прадстаўнікі некаторых раённых арганізацый: Віталь Марцынкевіч, дырэктар ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», Сяргей Пагарэльскі, намеснік дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс»,  Людміла Гоманава, адказная за ідэалагічную работу Сенненскай ПМК-64 і інш.
Амаль усім калектывам Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў прыйшлі падтрымаць свайго калегу, педагога па класе баяна Івана Сапроненку. Дырэктар школы Іван Смірноў пажадаў маладому чалавеку з гонарам прайсці вайсковы шлях, вярнуцца ў родны калектыў.
Быць духоўна моцнымі, верыць у Бога і свае сілы заклікаў прызыўнікоў святар Свята-Мікалаеўскага храма  Дзімітрый Фёдараў, які прачытаў малітву і акрапіў святой вадой будучых воінаў.

 Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.