Высокі ураджай гарантуе арганіка

IMG_2087_Утрыманне  буйной рагатай жывёлы на глыбокай саламянай падсцілцы — гэта не толькі новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі. Гэта дадатковыя паўнавартасныя і танныя ўгнаенні. Не так даўно ў прыватнай размове спецыялістаў агранамічнай службы райсельгасхарчу давялося пачуць, што высокія ўраджаі кукурузы, якія атрымліваюць у апошнія гады ў ПП «Дружбінец» і ААТ «Ульянавічы», сталі магчымыя дзякуючы мэтанакіраванай рабоце з арганікай.

Праўда, гной з памяшканняў даводзіцца рэгулярна выдаляць. Гэтак жа перыядычна і адвозіць яго ад ферм на палеткі. Чым у гэтыя дні, якраз, і займаюцца ў ААТ «Ульянавічы». Тэхніка працуе ля малочнатаварнага комплексу вёскі Вялікі  Азярэцк, дзе ўтрымліваецца і дойны статак, і цяляты дарошчвання, і цялушкі злучнога і перадзлучнога ўзросту.
— Не менш як чацвёрты раз за сёлетні год займаемся ачысткай пляцоўкі ля фермы, — расказаў Мікалай Масюта, вадзіцель пагрузчыка «Амкадор». — Зараз працуе свая тэхніка. Але бывае, што сельгасарганізацыя просіць дапамогі ў райаграсэрвіса.
Зрэшты, і зараз ААТ «Ульянавічы» не абыходзіцца без старонняй дапамогі. За рулём аднаго з трактароў, што заняты на адвозцы арганікі, працуе Аляксандр Пакура. Сталае месца працы яго — ДРБУ-146. У сельгасарганізацыі ён шчыруе з вясны. Давялося і араць, і сеяць, і кармы рыхтаваць.
Недахоп механізатарскіх кадраў — адна з галоўных праблем ААТ «Ульянавічы». Яе вырашаюць не толькі прыцягваючы на працу работнікаў арганізацый з райцэнтра і Віцебска. Кіраўніцтва акцыянернага таварыства мэтанакіравана працуе з мясцовымі жыхарамі. Быў час, калі той жа Мікалай Масюта з’ехаў на працу ў Расію, працаваў у адной з дарожных арганізацый райцэнтра. Але зноў вярнуўся ў родную вёску.
— Родныя мясціны трымаюць моцна, — не хавае Мікалай Генадзьевіч. — У маім узросце нават у Сянно пераехаць псіхалагічна складана. Як бы плацілі вясковым механізатарам крыху больш, дэфіцыту кадраў не было б.
З гэтым выказваннем нельга не пагадзіцца. Але, каб механізатар, жывёлавод, іншыя работнікі любога прадпрыемства атрымлівалі дастойную заработную плату, трэба лепш, больш эфектыўна працаваць — вырабляць больш прадукцыі ў адзінку часу, на аднаго работніка. Зніжаючы пры гэтым матэрыяльныя затраты. Гэта аксіёма эканомікі, якую трэба не толькі засвоіць. Ёй павінны кіравацца ўсе. Тады будзе і эфектыўная аддача ад кожнага гектара, а не толькі кукурузнага, будзе дастойная зарплата.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Пакура і Мікалай Масюта
ў гэтыя дні працуюць на вывазцы арганічных угнаенняў у ААТ «Ульянавічы».