Аднойчы выбраным шляхам

IMG_2073_Больш  за  40 гадоў прысвяціла працы ў Сенненскай ЦРБ Вольга Семерыкова: была неўролагам, загадчыцай паліклінікі, намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай часці. Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, Вольга Сяргееўна працягвае працаваць у бальніцы.

Але ўнікальнасць яе не толькі ў прафесійным даўгалецці. Вольга Семерыкова нарадзілася ў Сянне, скончыла тут сярэднюю школу. Вярнулася на радзіму пасля таго, як атрымала дыплом з адзнакай Віцебскага медыцынскага інстытута. Успамінаючы пражытыя  гады,  яна расказвае не столькі пра сябе, колькі пра сваіх родных, калег.
— Мае бацькі былі вельмі паважанымі ў нашым горадзе людзьмі. Мама працавала бухгалтарам, тата — партыйны работнік. У вайну ён быў зампалітам разведроты, меў шмат баявых узнагарод. Да іх парад мы, дзеці, заўжды прыслухоўваліся. І таму пасля заканчэння СШ №2 я падала дакументы на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — так вырашылі бацькі, — успамінае мая субяседніца.
Хоць са школьных гадоў дзяўчына марыла пра медыцыну. І ў гэтых памкненнях лёс аказаўся на яе баку — Вольга не прайшла па конкурсе. А праз год  права выбару навучальнай установы і прафесіі было за ёй.
У Віцебскім медыцынскім інстытуце дзяўчына вучылася з захапленнем. Аднойчы выбраўшы ў якасці спецыялізацыі неўрапаталогію, не здрадзіла ёй ніколі. Стажыравалася ў лепшых спецыялістаў-медыкаў Віцебска, Мінска, Гродна. Не здрадзіла яна і сваёй малой радзіме — па размеркаванні магла патрапіць у лепшыя медыцынскія ўстановы Беларусі, але вярнулася ў Сянно.
— У той год у Сенненскую раённую бальніцу нас, маладых спецыялістаў, прыехала некалькі чалавек, — расказвае Вольга Семерыкова. — І ўсе сямейнымі парамі. Пасяліліся ў адным з будынкаў бальніцы, дзе не было ніякіх камунальных зручнасцей. Зімой сцены пакрываліся інеем. У такіх умовах раслі нашы дзеці. Але ніхто з маладых спецыялістаў нават не падумаў шукаць, патрабаваць лепшыя ўмовы жыцця. Мы адчувалі патрэбу ў сабе, мы лічылі сябе абавязанымі грамадству, землякам.
Цікаўнасць да неўрапаталогіі ў Вольгі Семерыковай праявілася рана. Ужо ў студэнцкія гады яна зразумела, што многія захворванні чалавека так ці інакш звязаны з нервовай сістэмай. Безумоўна, на выбар спецыялізацыі аказалі ўздзеянне любімыя выкладчыкі. Гады работы ў медыцыне дазволілі зрабіць іншыя вывады: інсульты ўсё часцей здараюцца ў маладых людзей, як і захворванне пазваночніка.
На шчасце,  медыцына, фармакалогія развіваюцца, што дазваляе лячыць самыя складаныя формы захворвання. Многае, лічыць Вольга Семерыкова, залежыць і ад хворага, наколькі ён дакладна выконвае рэкамендацыі медыкаў.
Крыху асобна на працоўным шляху Вольгі Сяргееўны стаяць гады, калі яна працавала намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай часці.
— Бальніцу тады ўзначальваў Алег Усялёнак, які і запрасіў мяне папрацаваць намеснікам, — успамінае Вольга Сяргееўна. — Як толькі ён напісаў заяву аб пераводзе на іншую пасаду, я палічыла, што павінна зрабіць тое ж.
Хоць Вольгу Семерыкову ніхто не змушаў рабіць гэта. Такі прынцыповы падыход грунтаваўся на ўсведамленні агульнай адказнасці за справы ў бальніцы.
Пасля выхаду на пенсію Вольга Семерыкова не аднойчы парывалася пакінуць працу. Апошні раз заяву аб звальненні пісала гэтым летам, пасля таго, як атрымала пералом канечнасці. І зноў забрала дакумент, бо працаваць у аддзяленні няма каму. Маладыя медыкі ў раёне, на жаль, не затрымліваюцца. Нават тыя, хто нарадзіўся тут. Вольга Сяргееўна не разумее такія паводзіны маладых людзей. Але не асуджае іх. Чалавек павінен мець права на выбар. А вось сама яна зноў не змагла адмовіць у просьбе кіраўніку  бальніцы.  Галоўнай матывацыяй для доктара Семерыковай была і застаецца адказнасць медыцынскага работніка перад хворым, адданасць прафесіі,  вернасць, як гэта банальна не гучыць для многіх, клятве Гіпакрата.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
 На здымку:  Вольга Сяргееўна Семерыкова.
Фота аўтара.