Шчасце жыць у сям’і

 IMG_0024_Нехта з вялікіх сказаў, што сэнс жыцця чалавека ў пошуках гэтага сэнсу. Многія з нас так і пражывуць свой век, не зразумеўшы для чаго, ці нават не задумваючыся пра такія высокія матэрыі. А ёсць і такія, каму і не трэба задумвацца: разуменне вышэйшага сэнсу дадзена ім Богам, і адпаведна сваім перакананням і пачуццям яны імкнуцца пражыць жыццё.

Жаданне дарыць любоў, дабрыню, дапамагаць тым, хто побач, лічыць неад’емнай часткай існавання чалавека жыхарка вёскі Старая Беліца Ніна Пятроўна Жвікава. У кастрычніку гэтага года жанчына адзначыла два юбілеі: 60-годдзе з дня нараджэння і 10-годдзе з таго дня, як у яе жыцці з’явіўся чалавек, які стаў паўнапраўным членам сям’і, блізкім і любімым. Дату 6 кастрычніка 2003 года Ніна Пятроўна  запомніла на ўсё жыццё.
К гэтаму часу трое яе дзяцей, дзве дачкі і сын, выраслі і пакінулі бацькоўскую хату. А маці, якая прывыкла клапаціцца, спяшацца, дапамагаць, ніяк не магла змірыцца з тым, што цяпер няма для каго гэта рабіць. Так прыйшло рашэнне ўзяць у сям’ю пакрыўджанае лёсам, абяздоленае, пазбаўленае мацярынскай любові і пяшчоты дзіця. Як раз тады на вочы трапілася заметка ў «раёнцы» пад назвай «Знайдзі мяне, мама!». З газетнай старонкі на яе глядзеў мілы трохгадовы хлопчык з добрымі чыстымі вачамі і абаяльнай усмешкай. Сэрцам адчула: вось ён  — мой.
У дзіцячы сацыяльны прытулак знаёміцца з Вовам паехалі ўсёй сям’ёй. Дзяўчаты адразу заплакалі, гледзячы на добрага хлопчыка, які з цікаўнасцю і надзеяй пазіраў на гасцей…
Спачатку было цяжка. Высветлілася, што хлопчык, якога ўзялі ў сям’ю, не такі, як звычайныя дзеці. Вова не ўмеў гаварыць, да таго ж, усяго баяўся, неадступна ўсюды хадзіў за новай мамай. Але пра тое, каб вярнуць яго назад у прытулак, як гэта зрабіла жанчына, якая ўзяла хлопчыка да сябе раней, у Ніны Пятроўны не ўзнікала нават думкі.
Пакуль прыёмны сын прывыкаў да незнаёмых умоў жыцця і новай сям’і, у дзіцячы сад яго не аддавалі. Але Ніна Пятроўна разумела, што хлопчыка трэба развіваць. Вова пачаў хадзіць у садок, а неўзабаве стаў наведваць і Сенненскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Тры гады вазіла яго мама на рэйсавым аўтобусе ў раённы цэнтр. І яе намаганні не прапалі марна. Сёння, размаўляючы з Уладзімірам, цяжка ўявіць, што калісьці з мовай у яго былі сур’ёзныя праблемы. Вельмі ўдзячна Ніна Пятроўна настаўніку-дэфектолагу карэкцыйнага цэнтра Святлане Мікалаеўне Шэк, якая вельмі дапамагла хлопчыку. Цяпер Вова вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, асвойвае праграму, разлічаную на яго здольнасці.
Але прыёмная мама не перастае хвалявацца пра яго здароўе. Неаднаразова ён лячыўся ў лепшых дзіцячых санаторыях краіны. Аднойчы, каб у чарговы раз «аздаравіць» Вову, муж Ніны Пятроўны, Аляксандр Міхайлавіч, нават адмовіўся ад пуцёўкі, якую яму прапаноўвалі па месцы работы, а папрасіў, калі магчыма, замяніць яе на дзіцячую.
Нічога не шкадуюць для Вовы прыёмныя бацькі. Лыжы, веласіпед, мабільны тэлефон, ноутбук… Але галоўнае, ён адчувае атмасферу сям’і, любові і падтрымкі. Ніна Пятроўна і Аляксандр Міхайлавіч, якія пражылі ў згодзе 38 гадоў, выхавалі сваіх дзяцей дастойнымі людзьмі, усім далі вышэйшую адукацыю, маюць ужо двух унукаў, да Вовы адносяцца, як да роднага. Імкнуцца ва ўсіх дзіцячых справах быць побач і далучаць хлопчыка да дарослага жыцця. Лыжныя прагулкі, удзел у школьных конкурсах (дарэчы, у конкурсе «Мая сям’я — мая радасць» прыёмная сям’я заняла першае месца), паездкі ў цікавыя месцы (напрыклад, у Мінскі цырк) звычайная з’ява ў сям’і. Дапамагае Ніна Пятроўна свайму школьніку і рабіць урокі. У тым, што настаўнікі ў цэлым задаволены вучобай і паводзінамі хлопчыка, і яе немалая заслуга. А Аляксандр Міхайлавіч далучае Уладзіміра да работы па гаспадарцы. Падлетак з задавальненнем і без аніякага прымусу коле дровы, капае бульбу. Стаўленне да жыцця заўсёды ідзе з сям’і, перакананы муж і жонка Жвікавы, таму імкнуцца прывіць хлопцу тыя якасці, валодаючы якімі, яму будзе камфортна будаваць адносіны з іншымі і жыць самому.
Хлопчык стаў родным і для сваіх прыёмных сясцёр і брата, іх сямей. Яны часта прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць па гаспадарцы, прывозяць падарункі для Вовы. Як і кроўныя ўнукі Ніны Пятроўны, ён называе яе бабуляй. Жанчына прызнаецца, што прывучыла хлопчыка да гэтага сама. Проста не хацела лішніх пытанняў і здзіўленых позіркаў, бо розніца ва ўзросце як раз цягне на «бабулю», гаворыць Ніна Пятроўна. З самага пачатку ад хлопчыка не хавалі, што жыве ён у прыёмнай сям’і. Вова сустракаецца са сваякамі: роднай цёткай і бацькам. А прыёмная маці «прырасла» да яго душою. Хаця не за гарамі ўжо час, калі прыдзецца развітвацца. Трэба думаць пра будучыню хлопца. Пра яго прафесію Ніна Пятроўна клапоціцца ўжо сёння. Хоча ўладкаваць Уладзіміра на вучобу ў будаўнічы каледж. Гэта справа як раз будзе яму па плячы. І ўжо цяпер просіць прыёмная мама свайго любага хлопчыка, каб не забываў яе, тлумачыць, што ён можа прыязджаць да хаты, якая стала роднай, калі захоча, тут яму заўсёды будуць рады, заўсёды будуць чакаць.
Сёлета на першавераснёўскай школьнай лінейцы старшыня райвыканкама Віктар Цапота ўручыў Ніне Пятроўне Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне ажыццяўлення прафесійнага сямейнага клопату.
І не менш значнай узнагародай для жанчыны стаў падарунак-сюрпрыз ад прыёмнага сына да юбілейнага дня нараджэння. Вова першым павіншаваў дарагую бабулю з яе святам. Мы таксама далучаемся да ўсіх віншаванняў і пажаданняў, якія ў гэты дзень прымала Ніна Пятроўна ад сваёй вялікай сям’і і сяброў. Здароўя вам і даўгалецця, цудоўная жанчына з добрай душой і вялікім сэрцам.

 Таццяна Буракова.
 Фота аўтара.