Адчуць сябе жанчынай, маці

N1dmrАтмасфера на семінары для старшынь пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» панавала радасна ўзбуджаная. Нагода для святочнага настрою была адпаведная. Дзень маці для большасці прысутных на сустрэчы прадстаўніц прыгожай паловы грамадскасці Сенненшчыны, лічы, «прафесійнае» свята.

Перад тым, як накіравацца ў Сенненскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе меўся адбыцца семінар, жанчыны наведалі святочную службу, прымеркаваную да Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у Свята-Мікалаеўскім храме г. Сянно.
Па традыцыі, пачатак семінару даў гімн Беларускага саюза жанчын, які разам выканалі яго ўдзельніцы. З вітальнай прамовай да ўсіх звярнулася старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Зоя Фаміна. Яна перадала віншаванні з Днём маці ад членаў раённага выканаўчага камітэта і зачытала віншаванне ад кіраўніка раёна Віктара Цапоты. Ад сябе Зоя Сцяпанаўна пажадала матулям упэўненасці ў заўтрашнім дні, здароўя, любові з боку родных і дзяцей.
Пачын ушаноўваць у Дзень маці жанчын, якія нядаўна нарадзілі, на Сенненшчыне заклала раённая жаночая арганізацыя. Добрую акцыю працягнулі. На семінар былі запрошаны мамы, якія сёлета нарадзілі сваіх першынцаў. Па ініцыятыве БСЖ і з нагоды свята яны атрымалі з рук старшыні раённага жансавета падарункі.
Асобна былі адзначаны і маці, чые дзеці дасягнулі значных поспехаў і сёння праслаўляюць не толькі Сенненшчыну, але  і ўсю Беларусь. Спартыўныя надзеі нашай краіны — дзеці Наталлі Падалінскай і ЛN2dmrюдмілы Крыўко. У капілцы лёгкаатлеткі, марафонкі Анастасіі  Падалінскай і біятланістаў Віктара і Ірыны Крыўко ляжыць нямала тытулаў і медалёў за перамогу на спаборніцтвах, у тым ліку і міжнародных. А вось дачушкі Людмілы Рукаль і Вольгі Нікалаевай — творчыя асобы. Анастасія Рукаль — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, студэнтка Беларускай акадэміі музыкі. Кацярына Нікалаева блістае на галоўнай тэатральнай сцэне краіны — «Купалаўскага» тэатра. Яе сястра Ганна працуе дызайнерам на вядомай фабрыцы адзення «Світанак». Між іншым, яна сама нядаўна стала маці, гадуе дачушку Соф’ю і… рыхтуе эскізы да новай калекцыі, прызначанай  спецыяльна для малышоў. Магчыма, юныя сенненцы хутка змогуць яе прымерыць.
Для ўсіх прысутных мам прагучалі музычныя віншаванні ад Алены Цярэшка, Вольгі Красноўскай, дуэта «Два Іваны» ў  складзе выкладчыкаў Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Івана Смірнова і Івана Сапроненкі.
Традыцыяй у сенненскай арганізацыі БСЖ стала наведванне ў тыя ўстановы і прадпрыемствы раёна, дзе дзейнічаюць жаночыя пярвічкі. І гэтая сустрэча не стала выключэннем. Актывістак чакалі ў сярэдняй школе №1 імя З.Азгура г.Сянно. Старшыня пярвічнай арганізацыі ўстановы адукацыі Мая Паўлоўская падрыхтавала для актывістак цэлую праграму псіхалагічнай рэлаксацыі. Шмат станоўчых эмоцый жанчынам падарыў канцэрт, у якім з творчымі нумарамі выступалі вучні і настаўнікі школы. Спазнаць новае пра сябе дапамаглі займальныя псіхалагічныя тэсты. На памяць пра сустрэчу ўдзельніцы атрымалі прыемныя сувеніры.
Да слова, па выніках тэсціравання большасць асацыіруе сябе менавіта з роллю маці — бадай, самай галоўнай роллю жанчыны на Зямлі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымках: за падарункам А.Ліманская прыйшла з сынам Валерыем;
віншаванні прымае В. Нікалаева.

Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.