Кастрычніцкая імжачка
«ГС» прапануе да ўвагі чытачоў вытрымкі са «Слоўніка Сенненшчыны». У прыведзенай падборцы змешчаны самыя незвычайныя, адметныя словы і выразы сенненскай гаворкі. На чарзе літара І.
ІВАН — Купалле. Партызаны, Вялікі Азярэцк.
ІГЛА — ігліца. Багданава.
ІГЛІЦА, ГЛІЦА — папярочны драўляны брусок, якім замацоўваюцца дзвярныя дошкі. Гарадзец, Нямойта, Міцюкова.
ІГРАЧ — Музыкант. Каралевічы.
ІЗГОННЫ — наняты на дзень пастух. Самсоны.
ІЗРАСІЦЦА — абрасіцца. Багданава.
ІК, ІК ЗАНЯЛО — спынілася дыханне. Алексінічы.
ІКРАНКА — рыбіна з ікрой. Багданава.
ІЛЧАЦЬ — ялчаць. Багданава.
ІМАЦЬ — біць. Ульянавічы.
ІМЖАЧКА — імжа, дробны дождж. Заазер’е.
ІМШЫЦЦА — касмаціцца (пра ніткі, пражу). Вялікі Азярэцк.
ІНДЗЕЙ — індык. Каралевічы.
ІННЕЙ — інакш. Багданава.
ІРЖАВІННЯ — балоцістае, зарослае месца. Івоні.
ІРЖЭЎНІК, РЖЭЎНІК, РЖЭЎНІЧАК — іржышча. Гарадзец, Вялікі Азярэцк, Запруддзе, Нямойта, Багданава.
ІСК — пчаліная разведка, пошукавы палёт пчол. Закур’е, Кляпчэва, Фасаўшчына.
ІСКОЎКА — пчала-разведчыца. Сянно.
ІСЦІКАЦЬ — знікаць. Багданава.
ІЦВІНА — закрутка, заварацень; сплеценае з лазы прыстасаванне ў выглядзе васьмёркі, пры дапамозе якога прывязвалі аглоблю да саней. Гарадзец.
ІЧАЙ — адтуліна ў верхнім камені жорнаў, куды засыпаюць збожжа. Вялікі Азярэцк.
Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.