Бульба «па-студэнцку»

IMG_1015_«Калі ласка, прыедзьце і напішыце пра нашых малайчын-студэнтаў!» — з такімі словамі звярнулася ў рэдакцыю Іна Пранько, ідэолаг ААТ «Бяленева». Зразумела, адмовіць мы не маглі і завіталі ў сельгасарганізацыю. Іна Яўгенаўна адразу павяла знаёміць са сваімі «хлопчыкамі»…

Тры тыдні 18 студэнтаў і 2 выкладчыкі з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа дапамагаюць сельгасарганізацыі збіраць бульбу. З 55 гектараў за плячыма пакуль 15. У непагоду хлопцы працуюць на пераборцы «другога хлеба», грузяць яго ў сеткі, на машыны. Многія перавыконваюць норму (46 вёдзер за дзень) у 3-4 разы. Колькасць вёдзер запісваецца, а ўвечары бухгалтар гаспадаркі кожнаму выдае раздрукоўку з зарплатай за працадзень. Такім чынам, маладыя людзі бачаць свой штодзённы заробак, а значыць, у іх ёсць стымул яго павялічваць. Дарэчы, грошы яны атрымаюць пасля таго, як будзе сабраны ўвесь ураджай.
Ёсць сярод студэнтаў і свой лідар. Ігар Шаўчэнка (на здымку)  за дзень сабраў 250 вёдзер. За тры дні ў маладога перадавіка налічылася ў зарплату каля 700 тысяч рублёў.
Харчуюцца студэнты тры разы на дзень у мясцовай сталовай. Абед прывозяць на поле. У меню штодня ўваходзіць мяса, іншая каларыйная ежа. Па-хатняму смачна гатуе для іх повар Святлана Шарай. Свае прапановы ў рацыён хлопцы таксама могуць унесці. Некалі ім так захацелася дранікаў, што самі выказалі ініцыятыву дапамагчы Святлане Віктараўне ў іх прыгатаванні.
Бытавыя ўмовы ў студэнтаў нядрэнныя. Жывуць яны ў спартыўнай зале Яноўскай школы. Спяць на ложках. На сённяшні дзень вырашаюцца пытанні  наконт ацяплення памяшкання. Арганізоўваюцца штотыднёвыя лазневыя дні.IMG_1028_
Як прызналіся самі студэнты, на Сенненшчыне ім падабаецца, многія з’яўляюцца ўраджэнцамі нашага раёна. Сустрэлі памочнікаў у ААТ цёпла. Другой «маці» для іх стала ідэолаг сельгасарганізацыі Іна Пранько.
У вольны час студэнты не сумуюць. Пасля працы хтосьці адпачывае і глядзіць тэлевізар. Можна згуляць партыю ў більярд ці настольны тэніс, размешчаныя спецыяльна для іх ва ўстанове адукацыі. Нехта аддае перавагу паганяць футбольны мяч, згуляць у валейбол на школьным стадыёне. Правесці з карысцю вольны час дапамагае настаўнік фізкультуры Яноўскай школы Андрэй Чаранкевіч. Ды і супрацоўнікі Яноўскага дома культуры, у прыватнасці, яго дырэктар Людміла Казлова, не засталіся ўбаку. У суботу, напрыклад, прайшла гульнёвая дыскатэка «Восеньскі баль», дзе разам з мясцовай моладдзю студэнты не толькі танцавалі, але і ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, конкурсах.
«Пашанцавала мне з маімі хлопчыкамі!» — задаволена кажа Іна Пранько.

Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.