Кветкі — яе жыццё

«Захапляцца кветкамі я пачала, напэўна, з шасці гадоў, — жартуе жыхарка райцэнтра Надзея Васільеўна Шарэнда. — У нашу вёску ў госці прыехала дзяўчынка. Маё знаёмства з ёю пачалося з таго, што мы пабіліся. Яна вырвала куст нейкіх сініх кветак, якія раслі каля ямы. Мне яны так падабаліся, што не стрывала, палезла ў бойку. Цяпер гэтая дзяўчынка — мая лепшая сяброўка».

 Так пачалася наша размова з незвычайнай жанчынай, якая ўсё жыццё захапляецца кветкамі. Яе прысядзібны ўчастак можна без перабольшвання назваць кветкавым царствам. Рэдка хто (напэўна, толькі самы чэрствы чалавек) пройдзе міма і не зазірне ў агарод, дзе ў вочы кідаюцца не градкі з буракамі ці капустай, а рознакаляровае зіхаценне непаўторнай прыгажосці кветак. Нават на пытанне, колькі іх, адказаць Надзеі Васільеўне  складана.

 Нягледзячы на гэту разнастайнасць, кожную кветку гаспадыня ведае «ў твар». Асабліва падабаюцца афарбаваныя ў сонечныя колеры. Яны падымаюць настрой, нават калі ў жыцці не ўсё добра. «Па­гля­дзіце на лілейнік,— з замілаваннем гаворыць жанчына.— Вось жа колер сапраўднага сонейка!»  Наогул, кветкі дапамагаюць чалавеку быць больш  добрым і міласэрным, вучаць цаніць прыгожае, лічыць Надзея Васільеўна.

 Яна адносіцца да сваіх раслін як да жывых істот. Амаль з кожнай прыгажуняй звязана свая гісторыя. Трапілі яны ў агарод Шарэндаў, як кажуць, з усяго свету (нават з Германіі ёсць). Напрыклад, вечна зялёны рададэндран аднойчы прыехаў з Прыбалтыкі. Але пасадзіць яго гаспадыня не паспела — у тую ж ноч нарадзіла сына. Садзіла дрэўца тая самаясяброўка, знаёмства з якой пачалося з бойкі (дарэчы, яна і падарыла экзатычную расліну).

 Дзе б ні была Надзея Ва­сіль­еўна, адусюль заўсёды вязе кветкі. Гэта для яе лепшы і сувенір, і падарунак. На юбілей муж падарыў ёй 55 белых руж. Хоць і дарагавата для сямейнага бюджэту, але жонка была ў захапленні.

 Адных лілей, якія таксама каштуюць нятанна, у яе 42 віды. Прыгажосць — залю­буешся! Гэтым летам, хо­дзя­чы міма ўчастка, я ўсё глядзела на цудоўныя фіялетавыя шары на высокіх тоўстых ножках, якія стаялі на градцы ў рад, як на парадзе. Што за цуд? Аказалася — гэта дэкаратыўны часнок. Надзея Васільеўна паказала зубкі незвычайнага часнаку велічынёй з курынае яйка.

 Сваёй радасцю жанчына любіць дзяліцца з іншымі: пра расліны гатова расказваць бясконца, а тым, хто збіраецца на якую-небудзь урачыстасць і прыходзіць да яе па кветкі, проста дорыць іх — няхай будзе светла на душы ў людзей.

 Шкада толькі, што не ва ўсіх душа адкрытая для дабра. Кветкі  нярэдка крадуць: выкопваюць, зрываюць. Аднойчы выкапалі за ноч адразу шэсць відаў. І дрэвы ламаюць, якія пасадзіла на беразе штучнага возера. Ці ўстройваюць пад тымі дрэвамі месцы для выпіўкі. На жаль, не ўсе яшчэ ў нас здольныя ацаніць прыгажосць. Але Надзея Васільеўна — аптымістка па натуры. Яна лічыць, што рана ці позна ўсе, без выключэння, людзі зразумеюць сілу прыгажосці, стануць не толькі захоўваць яе, але і ствараць сваімі рукамі.

 Таццяна Буракова.

 На здымку: Надзея Васільеўна Шарэнда ў сваім кветкавым царстве.

 Фота аўтара.