Танцаваць — гэта здорава!

Другі год на базе Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў працуе  танцавальны гурток. Яго наведвальнікі — хлопчыкі і дзяўчынкі дашкольнага ўзросту. Харэаграфічным азам малых вучыць малады і таленавіты выкладчык Анастасія Галынчык.

N1danceТанец дае маленькаму  арганізму шырокую магчымасць для развіцця. Рух і музыка фарміруюць эмацыянальную сферу, каардынацыю, артыстычнасць. «Заняткі ўдасканальваюць фізічна, умацоўваюць здароўе, апроч таго, развіваюць слыхавую і зрокавую памяць і, што не малаважна, вучаць высакародным манерам», — упэўнена Анастасія.
На сваіх занятках яна імкнецца не проста дапамагчы асвоіць сваім выхаванцам пэўныя харэаграфічныя па, а праз танец далучыць дзяцей да свету цудоўнага, выхаваць у іх мастацкі густ, навучыць успрымаць, ацэньваць і любіць музыку.
На сённяшні дзень гурток наведваюць 16 чалавек ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў. Праца арганізавана на платнай аснове. Паўгадзінныя заняткі праходзяць два разы на тыдзень.
Пакуль Анастасія вядзе адну групу. Між тым, жадаючых аддаць сваіх дзетак да яе ў танцавальны гурток сярод бацькоў шмат.
Танцы карысныя як сціплым, так і гіперактыўным дзецям. Непаседам яны дазваляюць накіраваць сваю энергію ў патрэбнае рэчышча, ціхоням — раскрыцца і стаць больш упэўненымі ў сабе.
Анастасія працуе з рознымі дзецьмі. Ва ўмелага педагога атрымліваецца зацікавіць кожнага. А спрыяюць гэтаму гульнявыя моманты, якімі яна імкнецца разнастаіць заняткі, напрыклад, прыдумваючы рухавую гульню-казку.
Яна сама з маленства займалася танцамі (хоць для гэтага не было такіх умоў, якія маюць яе выхаванцы). калі прыйшоў час выбіраць прафесію, вясковая дзяўчына зразумела, што танцы для яе не проста захапленне.   Па заканчэнні харэаграфічнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў яна вярнулася на  родную Сенненшчыну. Цяпер тут яе дом ( дакладней, кватэра ў адной з новабудоўляў Сянна), сям’я, у якой падрастае дачушка, праца.
Як творчая натура, Анастасія прывыкла аддавацца сваёй любімай справе цалкам. Гэта адчуваюць дзеці, таму і слухаюцца свайго выкладчыка, ловяць кожны яе  рух, позірк. На просьбу падзяліцца сваім адмысловым прыёмам у працы, Анастасія з усмешкай адказала: «Прыём адзін — захапіць дзіця тым, што любіш сам».
Творчыя здольнасці абавязкова трэба развіваць. І нават, калі вашаму  дзіцяці не свеціць сусветная слава танцора, — добрая постаць, гібкасць і ўменне прыгожа рухацца нікому не пашкодзяць.

Дзесяць прычын аддаць сваё дзіця на танцы

Парады дае Анастасія Галынчык
1.Танцы — гэта рух, а рух — гэта жыццё. Жыццё пад музыку — што можа быць лепш?
2. Танцы — прыемнае баўленне часу.

3. Фізічнае здароўе. Нагрузкі ў час заняткаў танцамі даюць аптымальную трэніроўку сэрцу, сасудам, мышцам і суставам цела. У адрозненні ад спорту, танцы не траўматычныя.
4. Добрая постаць. Больш паловы сучасных людзей маюць праблемы з пазваночнікам. Нішто так не карэкціруе спіну і не спрыяе аздараўленню і выраўноўванню пазваночніка, як заняткі танцамі.

5. Праз танец дзіця выплёсквае назапашаныя за дзень негатыўныя эмоцыі.

6. Прыгожая паходка. Людзі, якія ўмела рухаюцца, бачныя здалёку.

7. Танцы — гэта зносіны. Нават, калі ў вас сціплы(ая) і сарамлівы(ая) сын ці дачушка — танцы знімуць усе бар’еры.
8. Разняволенне. Танцы робяць чалавека больш адкрытым. Ключавое слова, якое характарызуе паводзіны чалавека, які ўмее танчыць, — воля. Воля рухаў, воля зносін, воля мыслення. Танцы пазбаўляюць ад комплексаў і стэрэатыпаў.
9. Развіццё пачуцця рытму і музыкальнасці. Паралельна з танцам дзіця вучыцца слухаць і разумець музыку.
10. Гарманічнае развіццё. Многія людзі ў танцы становяцца прыгожымі і прывабнымі. А калі займацца танцамі з ранніх гадоў, то ў дарослым жыцці будзе прыгожая постаць, грацыя і пластыка.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.
 На здымку: Анастасія Галынчык і маленькія танцоры.