У Багушэўцаў з’явіўся выбар

N1bgУ г.п.Багушэўск адкрылася прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Прыватнае мастацтва прыгажосці» (ЧУП»ЧИК»).

Будынку былога гаргаза па вуліцы Гарбунова, дзе размясціўся новы аб’ект, індывідуальны прадпрымальнік Алена Бегунова змагла даць новае жыццё. Літаральна за год памяшканне непазнавальна змянілася як знутры, так і звонку.
«Прыватнае мастацтва прыгажосці» змяшчае  асобны  кабінет, спецыяльна абсталяваны  для аказання паслуг па манікюры і педыкюры, а таксама цырульню. Цырульная зала хоць і адна, але даволі прасторная. З лёгкасцю тут адначасова змогуць працаваць некалькі майстроў. Але галоўнае, што адрознівае прадпрыемства ад іншых падобных устаноў прыгажосці нашага раёна, — наяўнасць салярыя. Кабінка салярыя ўжо ўсталявана. Праўда, пакуль не працуе. Зараз рыхтуецца ліцэнзія на аказанне незвычайнай для сельскай мясцовасці  паслугі. Працаваць з жадаючымі  загарэць будзе Таццяна Яскевіч, медсястра першай катэгорыі. Па словах Алены Мікалаеўны,  1 хвіліна ў салярыі будзе каштаваць каля 3 тысяч рублёў.  N2bg
Побач адчыніў свае дзверы і новы магазін прамысловых тавараў, дзе можна набыць  бытавую  хімію, касметыку, адзенне.
Адкрыццё прадпрыемства — першая спроба Алены Бегуновай у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці. Сама жанчына родам з Багушэўска. Маючы за плячыма дваццацігадовы стаж працы цырульнікам, адважылася на развіццё сваёй справы. Трымаць планку якасці ў Алены атрымаецца, бо, апроч спецыялістаў, тут будзе працаваць і сама гаспадыня, якая ўжо змагла зарэкамендаваць сябе як добры цырульнік не толькі ў Багушэўску, але і ў вобласці.
N3bgУ дзень адкрыцця новага аб’екта паслуг сабралася шмат людзей. Прыйшлі не толькі багушэўцы, парадавацца за сваіх суседзяў прыехалі госці з райцэнтра. Як адзначыла ў сваім выступленні Любоў Трубека, старшыня Багушэўскага пасялковага выканаўчага камітэта, узводзячы аб’екты сферы паслуг насельніцтву, прадпрымальнікі робяць дастойны ўклад у развіццё гарадскога пасёлка. Год назад на гэтым месцы стаяў напалову разбураны будынак. Многія прадпрымальнікі нават не разглядалі яго на перспектыву развіцця, спасылаючыся на вялікія фінансавыя затраты па яго аднаўленні, падзялілася Любоў Емяльянаўна.
Нягледзячы на гэта, Алена Бегунова рызыкнула ўкласці ў будынак грошы. Больш таго, яе рызыка двайная, бо побач з яе прадпрыемствам знаходзіцца дом быту КУПБА «Прэстыж», дзе таксама працуюць неблагія спецыялісты. Як адзначыла Ганна Якаўлева, намеснік старшыні райвыканкама, цяпер у багушэўцаў будзе выбар да якога майстра звярнуцца.
Кліентаў доўга чакаць не давядзецца. Ужо ў дзень адкрыцця прыгожая палова багушэўцаў выстраівалася ў чаргу, каб запісацца на манікюр ці прычоску.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.