Старшыня

 IMG_5124_На гэтым тыдні юбілей адзначыць адзін з самых знаных і паважаных людзей на Сенненшчыне — Аркадзь Паўлавіч Карась. За 85 гадоў у яго жыцці было ўсё —  жудасная асабістая трагедыя, голад і галеча, нялёгкая праца на пасадзе старшыні калгаса, потым сельскага Савета дэпутатаў. А разам з гэтым простыя чалавечыя радасці, якім ён умеў і ўмее радавацца. Магчыма таму, не зламаўся пад ударамі лёсу. Ды і не ў  характары Аркадзя Паўлавіча мірыцца з жыццёвымі абставінамі. Ён і сёння, нягледзячы на ўзрост, застаецца чалавекам дзейсным, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, здаровым жыцейскім розумам і, як ён сам пра сябе кажа, гумарным. Напярэдадні 85-годдзя мы сустрэліся з юбілярам, каб пагаварыць пра мінулае і сучаснае.

На перакрыжаваннях лёсу
Ён нарадзіўся ў маленькай вёсачцы Сябрынка, што існавала некалі непадалёку ад Падворыцы. Бацька — Павел Карась — старшыня мясцовага калгаса імя Варашылава. Акрамя Аркадзя, у сям’і гадаваліся яшчэ пяцёра дзяцей.
Вялікая Айчынная вайна нанесла сям’і Карась незагойную рану. Бацька разам з іншымі мабілізаванымі мужчынамі патрапіў у акружэнне. Цудам вырваўся і вярнуўся дадому. «На жаль!» — дадае Аркадзь Паўлавіч. — Знайшліся здраднікі, якія выдалі старшыню, камуніста і афіцэра запаса Чырвонай Арміі, акупантам. Яго арыштавалі ноччу прама ў доме перад жонкай і дзецьмі. На досвітку кароткія аўтаматныя чэргі абвясцілі пра гібель бацькі. Гэта было 18 верасня 1941 года, а назаўтра Аркадзю споўнілася 13 гадоў.
Лёс бацькі ледзь не спасцігнуў маці. Нехта данёс, што «прадсядацельша» дапамагае партызанам.  Еўдакію  схапілі і некалькі дзён пратрымалі ва ўпраўскай турме. З партызанамі сям’я сапраўды сувязь мела. Аркадзь Паўлавіч успамінае, як па даручэнні маці  перадаваў народным мсціўцам розныя звесткі.
У хуткім часе сям’я панесла і яшчэ адну цяжкую страту. Не вытрымала выпрабавання ваенным ліхалеццем сэрца маленькай Лёлі — сястрычкі Аркадзя Паўлавіча.
Нягледзячы на пасляваенную нястачу і адсутнасць  у шмадзетнай сям’і кармільца, Еўдакія Архіпаўна зрабіла ўсё, каб яе дзеці атрымалі адукацыю. Аркадзь Паўлавіч скончыў Падворыцкую сямігодку. Потым была армія.
З сялян у афіцэры
Служыў Аркадзь Карась у Маскве, ва ўнутраных войсках. Не дарма, што селянін, на 2-м годзе службы атрымаў першы воінскі чын, адзінагалосна быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі батальёна, а потым і палка. «Характар у мяне такі, актыўны», — прызнаецца мой субяседнік. Да гэтага часу беражна захоўвае Аркадзь Паўлавіч датаваную 1950 годам вайсковую газету «Баявы прызыў», дзе яфрэйтар Карась падзяліўся вопытам працы ў сваёй камсамольскай ячэйцы. Была вучоба і ў дывізіённай партыйнай школе. Здавалася б, якая светлая будучыня ўгатавана простаму сялянскаму хлопцу з Падворыцы — афіцэрскае званне, кватэра ў Маскве…
Планы парушыла смерць Сталіна ў 1953 годзе. На пахаванне правадыра ён здолеў патрапіць два разы. Дзеля гэтага нават бальніцу пакінуў, дзе знаходзіўся на лячэнні. Людзей было вельмі шмат, чалавечы натоўп літаральна прарываў міліцэйскія загароды, успамінае Аркадзь Паўлавіч. Многія загінулі ў той страшэннай таўкатні. Вайсковая форма і вынаходлівасць маладога чалавека (паставым ён казаў, што мае пакет з данясеннем) дапамаглі яму прайсці ў Калонную залу, дзе стаяла труна. Але хворыя вочы (па гэтай прычыне і ляжаў у бальніцы) не дазволілі ўбачыць  памерлага. Назаўтра, набыўшы акуляры, тым жа манерам Аркадзь яшчэ раз пабываў ля Сталіна.
Пасля арышту і расстрэлу Берыі новыя ўлады, баючыся перавароту, вывелі падуладныя былому кіраўніку НКУС войскі, дзе служыў старшына Карась, пад Ленінград. Пра кар’еру і Маскву давялося забыць. Праўда, камсамольскаму актывісту Карасю далі выдатную характарыстыку. З ёй і прыйшоў станавіцца на ўлік у Сенненскі райкам КПБ па вяртанні на радзіму ў 1954 годзе.
Такія кадры нам патрэбны — вырашылі ў райкаме і прапанавалі пасаду інструктара па зоне Ходцаўскай МТС.
Там Аркадзь Паўлавіч сустрэў сваю другую палавінку. Неяк на танцах пазнаёміўся  з дзяўчынай: патанцавалі пару разоў, праводзіў дадому. Праз некаторы час давялося патрапіць  па працы ў школу в.Бесцвіна. Калектыў педагогаў сабраўся пазнаёміцца з новым інструктарам, сярод настаўнікаў ён убачыў  Кацярыну, з якой танцаваў на вечарынцы. Знаёмства перарасло ў сяброўства, а з яго ўзнікла каханне, якое працягнулася 55 гадоў. Некалькі гадоў назад Кацярына Данілаўна спачыла.

Годны бацькі
У канцы 50-х пачаўся рух «трыццацітысячнікаў» — самых  актыўных камуністаў накіроўвалі з гарадоў падымаць калгасы. Так інструктар Аркадзь Карась у 28 гадоў стаў старшынёй калгаса імя Варашылава (пазней калгас імя Гастэлы), таго самага, якім да вайны кіраваў яго бацька. Гаспадарка была ў заняпадзе. Цяжар першага года свайго старшынёўства мой герой, здаецца, адчувае і дагэтуль. «Год біўся, але зрухаў ніякіх не было. Колькі давялося парогаў аббіць, колькі адмоў пачуць!» — кажа ён. Вось тады і вырашыў  пайсці на адчайную «афёрку» — напісаў пісьмо Хрушчову. Колькі гэты ліст нарабіў шуму ў раёне і вобласці — не перадаць. На ўсе пагрозы Аркадзь Паўлавіч заяўляў: калі трэба, асабіста паеду на прыём. З візітам да падворыцкага старшыні наведаўся сакратар абкама. Пагаварылі спакойна, аб’ехалі вытворчыя аб’екты. Зразумеў чыноўнік з вобласці — дапамога сапраўды патрэбна. Калгасу выдзелілі два вагоны мінеральных угнаенняў, перасоўную электрастанцыю, пілараму і не адну, як намячалася, а дзве грузавыя машыны. Справы пайшлі ўгору. Калгасны ўраджай, нарэшце, вымяраўся важкімі лічбамі. Не толькі з дзяржавай разлічыліся, але і калгаснікаў адборным зернем забяспечылі — працавалі ж тады людзі не за грошы, а за працадні.
Калі эканамічна ўмацаваліся, першай справай з падачы старшыні пабудавалі ў Падворыцы ФАП і… радзільнае аддзяленне!  З таго часу для аднавяскоўцаў ён стаў не «Аркадзя, Паўлаў сын», а паважаным Аркадзем Паўлавічам.

 «Мільянер» без мільёнаўIMG_5113_
У 1963-м 35-гадоваму перспектыўнаму старшыні прапанавалі ўзначаліць калгас «Сцяг Перамогі» з цэнтрам у Канстантове — гаспадарка з перадавых, але засталася без кіраўніка. Прэтэндэнтаў на пасаду ад улад калгаснікі не прымалі, а Аркадзя Паўлавіча адобрылі, чулі пра поспехі калег. І не памыліліся. Пры Карасю «Сцяг Перамогі» стаў мільянерам. Асноўны ўпор зрабілі на жывёлагадоўлі і льнаводстве. Маштабнае будаўніцтва, культурызацыя пашы, механізацыя на фермах, водаправод і цэнтральнае ацяпленне, стадыён… Шмат чаго было зроблена ў часы яго кіравання. Гэта быў самы плённы перыяд працы, прызнаецца Аркадзь Паўлавіч і дадае, што поспех прыйшоў, дзякуючы падтрымцы з боку тагачасных кіраўнікоў раёна Аляксандра Жураўкова і Яўгена Радзецкага, а таксама руплівай працы калгаснікаў. Звыш 30 чалавек з яго калгаса былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны», медалямі «За працоўную адзнаку» і сярэбранымі медалямі ВДНГ (калгас неаднаразова быў прадстаўлены на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве). Носіць па праве гэтыя ўзнагароды і сам Аркадзь Карась. Многія спецыялісты, прайшоўшыя яго вывучку, сталі кіраўнікамі гаспадарак раёна.
«Мы бацьку бачылі хіба толькі ў абед, — успамінае сын Аркадзя Паўлавіча Сяргей Карась. — Прачыналіся — бацькі ўжо няма, клаліся спаць — яго яшчэ няма». Пра адносіны старшыні да падначаленай яму гаспадаркі яскрава сведчаць і наступныя дзіцячыя ўспаміны. Летнія канікулы старшынёўскія дзеці, а іх у сям’і было чацвёра — трое сыноў і дачка — праводзілі на калгасных палетках, стайнях, фермах за нялёгкай сялянскай працай. «Мы не бедныя, не галадаем, а калгасу трэба памагаць, бо ён нас корміць», — гэты бацькоўскі наказ яны запомнілі на ўсё жыццё.

Адпачынак у  працы 
Гады нястомнай працы не прайшлі бясследна. З-за сур’ёзных праблем з сэрцам давялося пакінуць пасаду. У 1974 годзе Аркадзь Карась быў выбраны старшынёй Обальскага сельскага Савета дэпутатаў.  Адпрацаваў  на гэтай пасадзе 12 гадоў. Графік стаў больш свабодны. «Спярша, мне сорамна было на вуліцу выйсці, — прызнаецца юбіляр. — Як такое магчыма, усе людзі працуюць, а ў мяне выхадны!» Але дзейсная натура Аркадзя Паўлавіча не давала расслабіцца.
У вольны час захапіўся паляваннем і разьбой па дрэве. Сцены пакояў упрыгожваюць разныя пано, драўляныя скульптуры. За домам набірае сілу малады гай з 80 дрэўцаў. Бярозкі, дубкі, каштаны, ясені…  Іх, яшчэ саджанцамі, Аркадзь Паўлавіч высадзіў у 2008 годзе, калі яму споўнілася 80 гадоў. Сёлета да іх дабавяцца 5 акацый.N2
Сёння сачыць за гаспадаркай дапамагаюць дзеці. На падворку ў Карася растуць вінаград, ядловец і, нават, сапраўдны сібірскі кедр — высачэзнае дрэва з мяккай пушыстай ігліцай блакітна-зялёнага колеру. «Яшчэ 10 год і яно дасць свае першыя плады», — Аркадзь Паўлавіч марыць іх застаць.
Чаго, на жаль, нельга сказаць пра будучыню яго  Канстантова. Цяжка бачыць, як разбураецца тое, што гадамі ствараў сваімі рукамі. Цэнтральнае ацяпленне, да якога былі падключаны многія дамы ў вёсцы, у перыяд усеагульнага развалу знішчылі. Некалі ўтульныя двухпавярхоўкі «пазіраюць» разбітымі шыбамі. Хіба толькі помнік ля былой канстантоўскай школы не паддаецца разбуральнай тэндэнцыі. Ініцыятарам яго ўсталявання стаў старшыня Карась. Гэтаму папярэднічала вялікая праца па ўстанаўленні імён вяскоўцаў, загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны. У 1968-м на сродкі калгаса (18 тысяч рублёў — грошы на той час вялікія) мемарыяльны комплекс быў усталяваны. На стэлы занесены імёны 29 воінаў, загінуўшых пры вызваленні Канстантова, 238 жыхароў вёсак гаспадаркі, што не вярнуліся з франтоў і загінулі ў  партызанскіх атрадах.

Для і дзеля людзей
Едучы ў госці да колішняга старшыні, рыхтавалася ўбачыць дыхтоўны катэдж (як гэта, прынамсі, прынята ў нашы дні).    Перад вачамі паўстаў просты драўляны дамок, схаваны ў засені бяроз. Пры ўсіх сваіх пасадах, а быў Карась і дэпутатам раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, ніколі ён не шукаў выгады для сябе. У любой працы прытрымліваўся прынцыпу: спачатку людзям. Слухаю свайго субяседніка і дзіўлюся: для калгаснікаў за кошт гаспадаркі арганізоўваліся экскурсіі ў Маскву, Ленінград, Кіеў, выезды ў тэатры, штогод выдаваліся пуцёўкі ў санаторый.  Ды і Канстантоўскі клуб славіўся на раёне. Хор, аматарскі тэатр — мастацкая самадзейнасць была на вышыні. Культурна-масавай рабоце старшыня калгаса Аркадзь Карась надаваў не менш увагі, чым вытворчым пытанням.
З вышыні свайго вопыту  ўпэўнены, сёння, як ніколі, трэба займацца маральна-духоўным выхаваннем працаўнікоў сельскай гаспадаркі, праяўляць клопат аб людзях. Толькі тады можна дасягнуць поспехаў у працы. Духоўна багаты чалавек, патрыёт,  не будзе заглядваць у чарку, а стане рупіцца на карысць сваёй сям’і і радзімы.
Дарэчы, пра духоўнасць. Адданы камуністычнай ідэі Аркадзь Карась у 2007 годзе прыняў праваслаўнае хрышчэнне. «З верай у душы лягчэй жыць», — упэўнены мой герой.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота  Андрэя МУРАШЭВІЧА
і з сямейнага архіва А.П. Карася.