На залачок пайшло

z4«ГС» прапануе да ўвагі чытачоў вытрымкі са «Слоўніка Сенненшчыны». У прыведзенай падборцы змешчаны самыя незвычайныя, адметныя словы і выразы сенненскай гаворкі. На чарзе літара З.

ЗАБАБОНІСТЫ — зморшчаны. Серкуці.
ЗАБАБОРУШКА — звіліна, складка. Серкуці.
ЗАБАБУРЫ — няроўнасць на лязе брытвы, касы. Ульянавічы.
ЗАБАБУРЫСТЫ — зморшчаны. Баравікі.
ЗАБАБЫРКІ — зморшчакі. Манголія.
ЗАБАВІЦЬ — закалыхаць. Галашчакіна.
ЗАБРУСЕЦЬ — зацвярдзець. Парэчча, Каралі.
ЗАБРЫДЗЕЦЬ — занудзіць. Ульянавічы.
ЗАБРЫТЫВАЦЬ — надзяваць аброць на каня. Гарадзец.
ЗАБЫРЛАЦЬ — дрэнна, з агрэхамі забаранаваць. Фасаўшчына.
ЗАВАЛАЦЬ — паклікаць, зазваць. Міцюкова.
ЗАВАЛІННЯ — прызба. Каралі.
ЗАВАЛКІ — нарывы ў горле пры ангіне. Гарадзец.
ЗАВАЛОЧАНА — нанесена, нацягнута. Марозаўка.
ЗАВЕРТКІ — аглоблі, прымацаваныя да саней. Станюкі.
ЗАВІДОЎШЧЫЦА — загадчыца. Партызаны.
ЗАВІНАЦЦА — старацца. Дольдзева.
ЗАВЯРНУЦЬ — запоўніць. Запруддзе.
ЗАВЯРЧЫВАЦЬ — паварочваць. Карпавічы.
ЗАГАВІНЫ — апошні дзень перад пачаткам посту. Міцюкова, Самсоны, Запруддзе.
ЗАГАРОДДЗЕ — агароджа, плот. Запруддзе.
ЗАГАШУВАЦЬ — разводзіць вадой. Закур’е.
ЗАГІМНЮЗІЦЬ — загіпнатызаваць. Леснікова.
ЗАГНЕТ — прыпечак. Алексінічы, Багданава, Нямойта, Чуцькі.
ЗАГРАНІЧНІК — іншаземец. Савінічы.
ЗАГРЫЗАЦЬ — лячыць замовамі. Партызаны.
ЗАГУДУВАЦЬ — набыць, займець. Нямойта.
ЗАДАЖДЖЫЦЦА — ісці без перапынку (пра дождж). Партызаны, Серкуці.
ЗАДРАЦЬ НОГІ — страціць прытомнасць. Пожанькі.
ЗАДЫШША — задышка. Алексінічы.
ЗАЁМ — загон. Самсоны.
ЗАЖОН — зажынкі, пачатак жніва. Кляпчэва.
ЗАЗНІЯНІЦЬ — падрумяніцца. Каралі.
ЗАЗОВА — паштоўка-запрашэнне на вяселле. Неўгадава.
ЗАКАБАЙ — закутак. Запруддзе.
ЗАКАВУСІНА — затока. Турава.
ЗАКАЛЕЦ — сыры, непрапечаны слой у хлебе, цвёрдая скарынка. Леснікова, Міцюкова, Заазер’е, Серкуці.
ЗАКАТАЦЬ — набіць, адлупцаваць. Пожанькі.
ЗАКОН — звычай. Чуцькі.
ЗАКОННЫ — мясцовы жыхар, тубылец. Серкуці.
ЗАКРАВАВІЦЬ — заліць. Леснікова.
ЗАКУПОНКА — закупорка (сасудаў). Багданава, Нямойта.
ЗАЛАЧОК — золак. Дольдзева.
ЗАМУЖНІЦА — замужняя жанчына. Каралевічы.
ЗАПОІНЫ — заручаны, перадвясельны абрад, які адбываецца пасля сватаўства. Вялікі Азярэцк.
ЗАПОР — куратнік, хлеўчук. Латыгаль.
ЗАПУТНІК — жыхар вёскі, якая знаходзіцца далёка ад шашы. Заазер’е.
ЗАПУТНЫ — далёкі, да якога цяжка дабрацца. Баравікі. Партызаны.
ЗАРЫЦА — зара. Запруддзе.
ЗАСАЛІЦЬ НА ДУШУ — абяцаць, выклікаючы давер. Запруддзе.
ЗАЮРЫЦЦА — закарцець, моцна захацець. Партызаны, Рэчкі.
ЗАЮШЫЦЦА — стаміцца. Каралевічы.
ЗАЯДАЦЦА — сварыцца. Багданава.
ЗАЯЦ ГАЛАВУ ЗЛОМІЦЬ — цяжкапраходнае месца. Запруддзе.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.