Уладараць праца і дружная сям’я

 N4ul   Конкурс «Уладар сяла» ў нашай краіне ўпершыню быў праведзены ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці ў 2007 годзе. Ужо на наступны год ім захапіліся ва ўсіх рэгіёнах краіны. Конкурс набыў статус рэспубліканскага. А сёлета ў ім выступілі і прадстаўнікі Сенненшчыны.
 На раённым этапе ўдзел у конкурсе прымала 6 сямей.  Пераможцамі сталі Андрэй Ігнаценка, Тамара Тамашэвіч і іх шасцёра дзяцей: Яна, Вадзім, Аляксандр, Андрэй, Іван і Аліна. Яны прадставілі наш рэгіён у Обалі Шумілінскага раёна, дзе праходзіў сёлета абласны этап рэспубліканскага конкурсу. Прадставілі   дастойна, заняўшы ў агульным заліку пятае месца. Нашы землякі вызначыліся ў намінацыі «Вітаем па-беларуску». Расказ пра сябе сям’я выканала ў стылі рэп. N1ul
Словы візітоўкі напісаў Вадзім. У выніку ў гэтай намінацыі Ігнаценкі-Тамашэвічы сталі лепшымі і атрымалі за перамогу мікрахвалевую печ у якасці ўзнагароды. У намінацыях «Сялянскі падворак», «Святочны воз» яны сталі трэцімі. Членам журы спадабалася духмяная юшка, звараная з рыбы, вылаўленай у Бярозаўскім возеры (гаспадар сям’і — заядлы рыбак), і фаршыраваны шчупак, што засведчыла кулінарныя таленты гаспадыні. Заўважаны былі таленты дзяцей, якія ў школе захапляюцца разьбой па дрэве, добра малююць. Дэманструючы іншыя свае ўменні і навыкі, Ігнаценкі-Тамашэвічы збіралі бульбу, пяклі дранікі, рэзалі і білі дровы, вязалі венікі для лазні, запрагалі каня, упрыгожвалі снапы.
Поспех прадстаўнікоў Сенненшчыны на сямейным конкурсе тым больш прыемны, што сям’я самая тыповая для вёскі. Андрэй працуе асемянатарам, Тамара — аператар машыннага даення буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Студзёнка».  Конкурс — гэта своеасаблівае шоу, але яго заданні грунтуюцца на паўсядзённых клопатах вяскоўцаў. N3ul
Раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла» праходзіў у Багушэўску, у санаторнай школе-інтэрнаце. І хоць яго правядзенню спрабавала перашкодзіць надвор’е, члены раённага журы не памыліліся ў вызначэнні пераможцаў.  Зрэшты, дастойна выступілі ўсе сям’і: Рабушка з Беліцкага сельсавета,  Бяляевы з Багушэўска,   Жагула з Нямойтаўскага сельсавета, Міцкевічы, якія прадстаўлялі Ходцаўскі сельсавет, Стук , якія жывуць у Машканскім  сельсавеце.  Яны  прадэманстравалі свае лепшыя якасці і найлепшым чынам прадставілі землякоў. Удзельнікі ўсіх этапаў конкурсу заахвочаны сувенірамі, каштоўнымі падарункамі. І не толькі ўладамі. Напрыклад, на раённым этапе прызы ўручаліся ад імя раённай арганізацыі ГА «Белая русь». А галоўным прызам для пераможцы абласнога этапа конкурсу, сям’і з Лёзненскага раёна, стаў жывы бык. N2ulІ ўсё ж галоўнае, мабыць, не ў матэрыяльных здабытках. Конкурс дазваляе кожнай сям’і заявіць пра сябе, прадэманстраваць свае таленты — сябе паказаць, на іншых паглядзець. Каб у рэшце-рэшт заявіць — мы соль зямлі, наш край найпрыгажэйшы нашай працай.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: сям’я Ігнаценка-Тамашэвіч;
удзельнікам раённага этапа- конкурсу дровы рыхтаваць давялося ў спартыўным зале;
парад «уладароў сяла».

Фота аўтара.