Два матчы — дзве перамогі
Апошнія гульні чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе другога круга для сенненскага ФК «Будаўнік» сталі паспяховымі.
З лікам 2:1 сенненцы выйгралі ў глыбоцкіх футбалістаў у матчы «Будаўнік» — «Азярцы». Але найбольш уражлівай — 5:1 — стала перамога над рубаўскім «Даламітам». Тры мяча ў вароты саперніка забіў паўабаронца Сяргей Дадзеркін, два — нападаючы Артур Талсташоў.
Сенненскія футбалісты ва Украіне
Некалькі гульцоў ФК «Будаўнік» выступалі за зборную Віцебскай вобласці, што прадстаўляла Рэспубліку Беларусь на ХІ Міжнародным футбольным турніры ў сяле Навасёлаўка Адэскай вобласці.
Сапернікамі беларусаў сталі малдаване, расіяне і ўкраінцы. Першае месца ў турніры заняла футбольная каманда «Навасёлаўка» (Украіна), другое — каманда «Кішынёў» (Малдавія), трэцяе месца заваяваў беларускі «Даламіт», у склад якога ўваходзілі і сенненцы. Удзельнікі турніру былі ўзнагароджаны кубкамі, граматамі і каштоўнымі прызамі.
Турнір праводзіўся пад патранатам губернатара Адэскай вобласці Эдуарда Матвійчука і быў прымеркаваны да Дня Незалежнасці Украіны.
Ірына ГАРБАЧОВА.