Беражыце сябе

beregi За 7 месяцаў бягучага года на Віцебшчыне памерла 10998 чалавек, у Сенненскім раёне — 332, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года складае 99 % і 105,4%.
Як паведаміў рэдакцыі Аляксандр Досаў, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, найчасцей жыхары раёна паміраюць ад хвароб сістэмы кровазвароту (амаль 50 %) і новаўтварэнняў (8,2 %). Пры гэтым наглядаецца павелічэнне колькасці памерлых па гэтых прычынах.
Значная колькасць сенненцаў памерла ад, так званых, знешніх прычын: выпадковых утапленняў, самазабойстваў, забойстваў, выпадковых атручэнняў алкаголем, у дарожна-транспартных здарэннях. За аналізуемы перыяд — 27, што на 6 менш, чым летась. Аднак варта адзначыць, што рост смяротнасці адбыўся толькі па прычыне злоўжывання алкаголем: з 6 летась да 8 сёлета.

 

Нараджальнасць павялічваецца

Значнае ўздзеянне на дэмаграфічную сітуацыю аказвае нараджальнасць. У вобласці нарадзілася 7627 дзяцей, у нашым раёне — 131. Гэта больш у параўнанні з мінулым годам. Але не настолькі, каб перакрыць натуральныя страты насельніцтва. Яны складаюць па вобласці 3371 чалавек, па раёне — 201. У цэлым па вобласці гэты паказчык зменшыўся, як, дарэчы, і па Багушэўску, а па раёне, сельскіх населеных пунктах і Сянне — вырас.

Сямейныя каштоўнасці —  у цане

Аптымізму надае, хіба што, рост рэгістрацыі шлюбаў і змяншэнне колькасці іх скасавання як у цэлым па краіне, так і па вобласці, раёне. Але на Сенненшчыне і тут захоўваецца тая ж тэндэнцыя: у Багушэўску зарэгістравана 10 шлюбаў, што складае 125 % да леташняга паказчыка, скасавана 3 (50 %), у сельскіх населеных пунктах — 50, або 119 %, скасавана — 17 (77,5 %), у Сянне  шлюб  узялі  38 пар (100 %), скасавалі — 18 (85,7 %). У цэлым па раёне колькасць шлюбаў вырасла да 88 і складала 110 % у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Радзей сталі скасоўвацца шлюбы — 77,6 % у параўнанні з 2012 годам.

Наш кар.