Пратэстуючы супраць шэрых будняў

секретарь ПО Курс АнтонВучня Багданаўскай школы Антона Курса добра ведаюць не толькі ў роднай навучальнай установе. У раёне пра сябе сённяшні адзінаццацікласнік заявіў у 2008 годзе. Тады, удзельнічаючы ў раённым конкурсе «Моладзь за здаровы лад жыцця» і акцыі «Гэта твая зямля»,  хлопец атрымаў дыпломы першай ступені. З таго часу і вось ужо на працягу чатырох гадоў прызавыя месцы шматлікіх конкурсаў раённага ўзроўню («Выратавальнікі вачыма дзяцей», «Крыніца творчасці», «Моладзь і дзеці ў гады Другой сусветнай вайны», «Заставайся вольным», «Моладзь і Алімпізм» і інш.) — за Антонам.

З’яўляючыся бясспрэчным лідарам у сваёй школе, Антон умее згуртаваць вакол сябе дзяцей. Нездарма ў мінулым годзе хлопца абралі на пасаду сакратара пярвічнай арганізацыі ГА  «БРСМ» Багданаўскай школы.
Пра такіх людзей як Антон звычайна гавораць — усё ў яго атрымліваецца на «выдатна», за што б не ўзяўся. Добрыя арганізатарскія якасці, фізічная падрыхтоўка, захапленне спортам дазваляюць хлопцу ўзначальваць школьную каманду «Гром» — удзельніцу ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца», а таксама футбольную каманду школы. Тры гады запар Антон быў нязменным камандзірам школьнага атрада юных інспектараў дарожнага руху «Легіён».
У Антоне гарманічна і натуральна спалучаюцца такія якасці як актыўнасць і ўседлівасць. Ён можа гадзіны праводзіць за кнігамі па гісторыі, альбо чытаючы творы сваіх любімых пісьменнікаў: І.Мележа, Э.Хемінгуэя, Э.Рэмарка і інш. Спрабуе і сам пісаць. У сваіх творах закранае праблемы сучаснасці, тэмы патрыятызму, любові да роднага краю. Неаднаразова яго вершы друкаваліся на старонках раённай газеты «Голас Сенненшчыны». У планах Антона звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай.
На пытанне, адкуль столькі ўнутранай і фізічнай энергіі, Антон шчыра адказвае: «Хачу, каб маё жыццё прайшло ў рознакаляровых фарбах. Менавіта пастаянны рух дапамагае па-сапраўднаму жыць, а не існаваць у шэрых буднях».

Ала ЯКАЎЛЕВА.