Зэканоміць дапамогуць найноўшыя тэхналогіі

Light-control-01Пад’езды шэрагу шматкватэрных дамоў у райцэнтры сталі больш эканомныя дзякуючы энергаашчаднаму абсталяванню, якое сёлета камунальнікі ўстанавілі ў іх. Невялічкі прыбор (памерам у пачак запалак), прыстасаваны да звычайнай лямпы напальвання, дазваляе ў аўтаматычным рэжыме адключаць і ўключаць святло ў пад’ездзе.

Як паведаміў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Ігар Няфёдаў, на пераабсталяванне сістэмы асвятлення месцаў агульнага карыстання прадпрыемствам было выдаткавана 14 мільёнаў рублёў. За першы квартал 2013 года ў жыллёвым фондзе горада ўсталявана 400 фота-шумавых рэле-выключальнікаў айчыннай вытворчасці. Адна такая маленькая штучка коштам у 35 000 тысяч рублёў памяншае час работы лямпы напальвання да 1 гадзіны ў суткі. У выніку за першае паўгоддзе эканомія энергаспажывання склала 20 000 кВт ці 8,5 мільёна рублёў у грашовым эквіваленце. Па словах Ігара Васільевіча, у агульных затратах жыллёва-камунальнай гаспадаркі гэтую лічбу вялікай не назавеш. Калі ўлічыць, што гадавое спажыванне электраэнергіі прадпрыемствам складае 5 000 000 кВт. Асноўную частку электраэнергіі спажываюць кацельні, артэзіянскія свідравіны, ачыстныя збудаванні. На пад’езды і прыдамавыя тэрыторыі прыходзіцца каля 8%.
Многія жыхары ўжо паспелі ацаніць камунальнае новаўвядзенне за зручнасць. Цяпер не трэба, вяртаючыся позна дадому, навобмацак падымацца ў цемры на першы паверх і шукаць выключальнік. Асабліва гэта актуальна зімой і ў міжсезонне, калі светлавы дзень надта кароткі. Дастаткова рыпнуць уваходным дзвярам, як рэле спрацоўвае і святло адразу запальваецца.
У інтэрнэце, праўда, даводзілася чытаць нараканні насельнікаў шматпавярховак, дзе ўстаноўлены аўтаматычныя сістэмы асвятлення. Маўляў, каб датчык зрэагаваў, трэба патупаць, крыкнуць ці пляснуць у далоні, карацей кажучы, выклікаць як мага больш шуму. За сябе скажу, нічога падобнага рабіць не даводзілася, рэле спрацоўвае нават пры павароце ключа ў дзвярным замку. Васіль Каваленка, начальнік службы энергетычнай гаспадаркі УП ЖКГ пацвердзіў, скаргаў такога роду ад спажыўцоў не паступала. На прыборы выстаўлена максімальная адчувальнасць, таму дадатковых шумавых эфектаў не патрабуецца.
Аднак не ўсе шматкватэрныя дамы могуць пахваліцца найноўшымі тэхналогіямі. Фота-шумавыя рэле прыдатныя толькі ў памяшканнях з лямпай напальвання. Для люмінісцэнтных свяцільнікаў яно не падыходзіць. Ды і не трэба, кажа Васіль Міхайлавіч, люмінісцэнтныя лямпы самі па сабе энергаашчадныя.
У апошні час эканомным стала і вулічнае асвятленне. Дзесяць астранамічных рэле часу, усталяваных яшчэ летась, дазваляюць уключаць і выключаць святло ў загадзя запраграмаваныя гадзіны, пры гэтым на работу ліхтароў не ўплываюць знешнія фактары: дождж, снег і інш. Акрамя таго, выканана замена 53 лямпаў у 400 і 250 кВт на энергаашчадныя.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.