А вы «сабраліся» ў школу?

школаДа пачатку навучальнага года застаўся адзін месяц. Самы час распачаць «зборы» ў школу. Ці гатова абуць-апрануць сенненскага вучня раённая спажыўкааперацыя?

«Спажывецкае таварыства да новага навучальнага года пачынае рыхтавацца раней, чым бацькі школьнікаў, — гаворыць дырэктар УП «Сенненскія прамтавары» Жанна Еўзікава. — Хаця масавае «паломніцтва» ў магазіны за «школьнымі таварамі» пачынаецца ледзь не перад 1 верасня, кааператыўны гандаль можа прапанаваць адпаведны асартымент амаль на працягу ўсяго лета».
Работнікі гандлю па меры магчымасці стараюцца задаволіць попыт дзяцей і бацькоў. Але і ў кааператараў ёсць просьба да сваіх пакупнікоў, зазначыла Жанна Еўзікава. Для таго, каб больш поўна ўлічыць запатрабаванні жыхароў горада і раёна, створана кніга папярэдніх заявак, дзе кожны можа пакінуць заяўку на той ці іншы тавар. Асабліва такая магчымасць павінна зацікавіць бацькоў, дзеці якіх па сваіх фізічных асаблівасцях не падыходзяць пад стандартныя размеры адзення ці абутку. «Ведаючы канкрэтныя запатрабаванні, можна прама на абутковым ці швейным прадпрыемстве падабраць вырабы неабходных размераў, росту, паўнаты, — тлумачыць Жанна Леанідаўна. — Гэта дапаможа нам задаволіць самыя патрабавальныя запыты, а мамам без праблем сабраць дзіця ў школу. На работу па папярэдніх заяўках нацэльваем і прадаўцоў вясковых магазінаў, якія ведаюць, бадай, кожнага свайго пакупніка.»
Сёння магазіны спажыўкааперацыі і ў горадзе, і на вёсцы гатовы абслужыць тых, хто рыхтуецца да школы. Для хлопчыкаў прапаноўваюцца штаны ўсіх размераў Навагрудскай швейнай фабрыкі, прадпрыемстваў «Бараўчанка» і «Камінтэрн». Яшчэ плануецца завоз гэтага тавару з бабруйскай «Славянкі».
Ёсць кашулі для хлопчыкаў усіх узростаў, пачынаючы з дашкольнага, вытворчасці фірмаў «Надэкс» і «Эліз». Апошняя, дарэчы, прапануе і гальштукі разнастайнай колеравай гамы, якія таксама маюцца ў продажы.
Спартыўныя касцюмы і штаны для хлопчыкаў і дзяўчынак у гандлёвых залах магазінаў прадстаўлены найбольш вялікай колькасцю вытворцаў. Гэта вырабы трыкатажных прадпрыемстваў «8 Марта», «КІМ», «Хімвалакно» і іншых.
Усе размеры дзелавога адзення (па-ранейшаму, школьная форма) для дзяўчынак вытворчасці «Славянкі», «ДзілмаПлюс», «ЗІ», «Калінкі», а таксама сарафаны, блузы і джэмперы гэтых і іншых фірмаў могуць выбраць у магазінах Сенненскага спажыўтаварыства тыя, хто аддае перавагу якаснаму тавару.
Абутак прадстаўлены прадпрыемствамі «АбутакМагілёў», «Отыка», «Марка», «Чырвоны Кастрычнік», «Сівельга», «Белвест», «Нёман». Плануюцца і яшчэ паступленні, у прыватнасці з Віцебскай фірмы «Леоджи», якая спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячага абутку.
Прапаноўваюць раённыя гандляры канцэлярскія і іншыя тавары школьнага асартыменту, а таксама ранцы і сумкі.
Як адзначае дырэктар «Сенненскіх прамтавараў», завезенае да пачатку навучальнага года звычайна да 1 верасня не раскупліваецца. «Частка пакупнікоў усё ж аддае перавагу рынку, — гаворыць Жанна Еўзікава. — Там можна купіць танней, хаця рэчы з рынку саступаюць па якасці, і часта здараецца так, што служаць яны нядоўга. Тады людзі ўсё роўна ідуць да нас, асабліва за ранцамі.»
Каб дапамагчы семьям з невялікім матэрыяльным дастаткам падрыхтаваць школьніка да 1 верасня, на пакупку, якая каштуе больш за мільён, магазіны спажыўтаварыства з 1 жніўня па 15 верасня прадастаўляюць крэдыт на тры месяцы: без першапачатковага ўзносу і без працэнтаў. Для тых, хто купляе на такую ж суму, не карыстаючыся крэдытам, робіцца 10-працэнтная скідка.
Гэтыя льготы — добрае падспор’е для эканоміі сямейнага бюджэту, бо як паведамілі ў спажыўтаварыстве, па самых сціплых падліках, для таго, каб «сабраць» дзіця ў школу, патрэбна 4-4,5 млн рублёў. Не кожны сёння можа выкласці такую суму адразу.
У жніўні пройдуць «школьныя кірмашы», будзе пашыраны «школьны» гандаль у магазінах.

 Таццяна Буракова.