Дзе б мы сустрэліся, як не ў Сукрэмне!

s0

сукрэменцы вітаюць самую маленькую жыхарку вёскі Віялету Сакалоўскую і яе маці Марыну.

Радасна віталі адзін аднаго ўраджэнцы маляўнічай вёсачкі Сукрэмна Нямойтаўскага сельсавета. На мінулым тыдні ўсе яны сабраліся ў бацькоўскім кутку, каб адзначыць свята роднай вёскі. У адзін дзень насельніцтва Сукрэмна павялічылася ў разы.  
Яны прыехалі сюды з Гарадка, Бешанковіч, Віцебска… Людзі сталага ўзросту, якія ўсё жыццё правялі і адпрацавалі тут і толькі па стане здароўя вымушаны былі пакінуць малую радзіму і перабрацца да родзічаў; іх дзеці, чыё басаногае маленства прайшло ў Сукрэмне і яго ваколіцах; маладое пакаленне, якое ведае пра вёску па аповедах сваіх бацькоў. Гасцей і ўдзельнікаў свята не спужала нават нязвыклая для ліпеня непагадзь. Ім было цёпла ад прывітальных усмешак, гарачых абдымкаў, шчырых слоў.
Яны горда называюць сябе сукрамэнты-народжаныя. Незвычайная назва звязана з паданнем пра паходжанне вёскі. Найбольш верагодна, што пайшло яно ад слова «сукрэмень» — крэсіва з двух крэмянёў. Па іншай версіі, асноватворнымі словамі сталі «сук» ды «рэмень»: падчас будаўніцтва вёскі высякалася нямала кустоўя, сукі, замацаваныя рэмнямі, вывозіліся на конях. s1
«Сукрамэнты, на макушку!» — а гэтае, вядомае ў вёсцы, выслоўе звязана з колішнім заняткам сукрэменцаў, а менавіта вязаннем венікаў, якія потым прадаваліся на кірмашы ў Сянне. Ну а самыя духмяныя галінкі знаходзяцца як раз на верхавіне.
Сукрэмна — вёска з багатым мінулым. І хоць дата яе ўзнікнення дакладна невядома, аднак з упэўненасцю можна казаць, што гісторыя населенага пункта налічвае не адну сотню гадоў. Паблізу Сукрэмна вядомым беларускім этнографам ХІХ стагоддзя Еўдакімам Раманавым былі знойдзены крывіцкія курганы.
s2


 У час сустрэчы старажылы ўспаміналі савецкія часы, калі вёска была цэнтрам калгаса «Кастрычнік», дзе працавалі клуб, магазін, шматлікія вытворчыя аб’екты. У 1971 годзе насельніцтва складала больш за 150 чалавек. А сёння і 30 не набярэцца. Тым не менш сукрэменцы, куды б іх лёс не закінуў, не забываюць пра свае карані і па магчымасці з’язджаюцца на малую радзіму. Але каб такая сустрэча з музыкай ды песнямі — гэта ўпершыню.
Падтрымаць сукрэменцаў у добрай справе на свята завіталі прадстаўнікі раённай улады, у прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Мяцеліца. У сваім вітальным слове Зоя Сцяпанаўна падзякавала ініцыятару свята, старшыні Нямойтаўскага сельвыканкама, таксама сукрэменцу, Анатолю Бараноўскаму і яго землякам за адданасць малой радзіме, якую яны пранеслі праз дзясяцігоддзі і зараз перадаюць сваім нашчадкам.
Па прызнанні Анатоля Леанідавіча, за мэту мерапрыемства мела не толькі сабраць разам ураджэнцаў Сукрэмна, але і ўшанаваць вясковых рупліўцаў, якія многія дзясяцігоддзі працавалі, і тых, хто сёння працуе на сукрэменскай зямлі.
s3Шмат шчырых слоў прагучала з вуснаў вядучай свята Таццяны Гарбачовай у адрас 87-гадовай Кацярыны Грамузавай — старэйшай жыхаркі вёскі. Кацярына Максімаўна была цялятніцай у калгасе. Неаднаразова станавілася пераможцай сацспаборніцтва. Вырасціла 4 дзяцей, мае 10 унукаў і 10 праўнукаў. З нялёгкай сялянскай працай былі звязаны Надзея Анісімава, Соф’я Шарановіч, між іншым, старэйшына Сукрэмна, Вячаслаў Кучынскі, Анатоль Грамузаў, Алена Бярозка, Вера Осіпава, Таццяна Лабацэвіч, Вера Давыдзька, Таццяна Бараноўская, Валянціна Ермашкевіч, Мікалай Ермашкевіч, Мікалай і Марыя Саўлевічы і многія іншыя жыхары вёскі.
Анатоль Бараноўскі і Сяргей Пагарэльскі, намеснік дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» па ідэалагічнай рабоце, уручылі лепшым працаўнікам, ветэранам памятныя падарункі.
Сёння ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» працуе маладое пакаленне сукрэменцаў. Гэта сем’і Дзмітрыя і Алены Вастраковых, Віталя і Марыны Сакалоўскіх. У апошніх выхоўваецца пакуль (бо неўзабаве ў сям’і чакаецца папаўненне) самая маленькая жыхарка Сукрэмна. У чэрвені Віялеце Сакалоўскай споўнілася 3 гадкі. ад арганізатараў свята дзяўчынка атрымала ў падарунак ляльку.
Адзначылі на мерапрыемстве і гаспадароў найпрыгажэйшага падворка Генадзя і Раісу Кучынскіх. Сужэнцы, карэнныя сукрэменцы, сёння хоць і жывуць у Віцебску, але кожнае лета праводзяць на радзіме.
s4Не па нараджэнні, а па волі лёсу лічаць сябе сукрамэнтамі старшыня Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Мурашкевіч і галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гапспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімір Прыстаўка. Ці думалі яны ў сваёй маладосці, выпраўляючыся на матацыкле са Студзёнкі на танцы ў Сукрэмна, пра тое, што першы з іх неўзабаве ўзначаліць мясцовы калгас, а другі знойдзе тут сваю другую палавінку?
Не адзін год Віктар Мурашкевіч кіраваў «Кастрычнікам». Усіх прысутных на свяце ветэранаў ён ведае асабіста. Віктар Сямёнавіч з удзячнасцю гаварыў пра былых калгаснікаў. Іх працоўныя дасягненні і ў 21 стагоддзі прэтэндуюць на рэкорды. Пры гэтым варта ўлічыць, што ў далёкія 70-ыя не было энерганасычанай тэхнікі, многае рабілася ўручную.
А вось для Уладзіміра і Тамары Прыстаўка ў гэты дзень гучала «Гор-ка!». 41 год прайшоў з таго часу як у мясцовым клубе сустрэліся і закахаліся адно ў аднаго хлопец з вёскі Кавалі Студзёнкаўскага сельсавета і сукрэменская прыгажуня. Вось ужо 40 гадоў яны разам, маюць двух сыноў, трох унукаў. З рубінавым вяселлем «маладых» віншавалі іх землякі. Як і ў той памятны дзень яны выйшлі на свой першы танец. Пранікнёную песню спецыяльна для сужэнцаў Прыставак выканаў Міхаіл Насоўскі, дырэктар раённага Дома культуры.
Артысты з раёна нямала парадавалі гасцей свята. Свае песні дарылі Аляксандр Васілёнак, трыа «Добрыя дзяўчаты» ў складзе Святланы Бянцяй, Раісы Усціновіч і Браніславы Жаўтабрухавай, Галіна Чэпік. Пад акардэон Галіны Бандарэвіч многія закружыліся ў беларускім вальсе «Васількі».
З пасёлка Дружба прыйшла павіншаваць сукрэменцаў Ніна Бобрык. У свой час яна працавала ў калгасе «Кастрычнік» касірам. У якасці падарунка Ніна Ягораўна выканала гумарыстычныя байкі.
s5Шмат добрых і працавітых людзей выйшла з гэтых месцаў. Ёсць тут і знакамітасці, якімі па праве ганарыцца ўся сінявокая Віцебшчына. Сукрэмна — радзіма таленавітага журналіста Уладзіміра Скапы, доўгі час ён працаваў галоўным рэдактарам абласной газеты «Віцебскі рабочы».
«Дзе б мы ні былі, нас заўсёды вабіць да сябе наша любімае возера Рахальскае, маляўнічы сасновы бор, поле, дзе гулялі ў футбол, балотца, дзе ўзімку ладзілі спаборніцтвы па хакеі паміж хлапчукамі і дзяўчатамі. Успамінаецца першы сенакос, зернеток, ферма, дзе мы дапамагалі сваім бацькам. І, канешне, не забудуцца канцэрты клубнай самадзейнасці», — Святлана Лабацэвіч, жыхарка Гарадка, шчыра дзеліцца ўспамінамі свайго дзяцінства. Пры яе ўдзеле ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» створана група «Сукрэмна — родная вёска наша», якая аб’ядноўвае 33 чалавекі. Там яны, раздзеленыя кіламетрамі, расказваюць апошнія навіны з малой радзімы, успамінаюць мінулае, шукаюць сваіх аднавяскоўцаў. фотаздымкі са свята вёскі Сукрэмна ўжо на другі дзень пасля яго былі выкладзены на старонцы групы, каб тыя, хто не змог прыехаць, хоць у віртуальным рэжыме пабывалі на малой радзіме.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: (1) старажылы вёскі С. Шарановіч, Н. Анісімава, к.Грамузава;
(2) выступае В.Мурашкевіч; (3) сужэнцы Кучынскія;
(4) танцуюць «маладыя»; (5) спяваюць «Добрыя  дзяўчаты».

Фота аўтара.