Непаўналетняе мацярынства

У нашай краіне штогод матулямі становяцца больш за тысячу непаўналетніх. У сацыяльнай сетцы як і ў грамадстве разварочваюцца бурныя дыскусіі на гэту тэму. Адны сцвярджаюць, што лепш нарадзіць, чым зрабіць аборт, іншыя абвінавачваюць дзяўчат у безадказнасці.

— «Пазапланавыя» дзеці нараджаліся ва ўсе часы. Часцей за ўсё яны з’яўляліся (і цяпер з’яўляюцца) у тых матуль, якія самі па сутнасці з’яўляюцца дзецьмі, — лічыць Наталля Рыбчанка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкама. — За 6 месяцаў бягучага года непаўналетнія маці нарадзілі 3 дзетак. Дэмаграфічная сітуацыя ў краіне жадае быць лепшай. Аднак і тое, што непаўналетнія паляпшаюць яе, нельга ўспрымаць як станоўчы момант.
Ёсць і іншая праблема. Маладая маці не гатова самастойна займацца выхаваннем сваіх дзяцей. Няма гарантыі, што гэтыя дзеці не папоўняць сацыяльныя прытулкі.
— Як паказвае практыка, у большасці выпадкаў непаўналетнія не здольны ўзяць на сябе такую адказнасць, — гаворыць Наталля Віктараўна. — І звязана гэта з адсутнасцю належнай адукацыі і прафесіі (бываюць выпадкі, калі ў дзяўчыны няма нават пасведчання аб заканчэнні 9 класаў). У іх яшчэ не паспела сфарміравацца ўяўленне пра мацярынства.
Гартаючы справы непаўналетніх маці, Наталля Рыбчанка канстатавала і той факт, што практычна ўсе дзяўчаты з сямей, якія знаходзіліся альбо знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Гэтыя сем’і на асаблівым кантролі ў камісіі па справах непаўналетніх. Структуры розных узроўняў, пачынаючы са школы, дапамагаюць выправіць жыццёвую сітуацыю, навучыць, засцерагчы дзяцей ад памылак дарослых. Аднак гаварыць, што гэта ўдаецца зрабіць, нельга. У большасці сваёй сем’і адмаўляюцца ад падобнай дапамогі.
Нарадзіўшы ў пятнаццацігадовым узросце, Кацярына зусім спакойна адносіцца да сітуацыі, спасылаючыся на тое, што і яе маці ў свой час пасталела зусім юнай.
А бацькі Вікторыі падтрымалі яе, калі даведаліся, што дачка стане маці. Прычым, радасць іх была не па прычыне папаўнення сям’і. Маці-адзіночка некалі атрымлівала дадатковую дапамогу ад дзяржавы.
Па словах Святланы Высоцкай, галоўнага спецыяліста аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама, з 2008 па 2012 гады было зарэгістравана нараджэнне дзяцей у 22 непаўналетніх матуль. З іх толькі 13 дзяўчат знаходзяцца ў законным шлюбе, 9 маюць статус маці-адзіночак. «Нараджэнне дзяцей у маці, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, — сур’ёзная праблема, — дала сваю адзнаку сітуацыі Святлана Пятроўна. — У маральным, больш таго, у матэрыяльным плане дзяўчаты залежаць ад бацькоў».
Данесці да непаўналетніх усю ступень іх адказнасці, калі нараджаецца дзіця, вельмі складана, адзначае Наталля Рыбчанка. Бываюць выпадкі, калі неакрэплыя матулі нараджаюць другое дзіця.
Прыродай і жыццём вызначана, што ў першую чаргу жанчына адказвае за нараджэнне і выхаванне дзяцей. І толькі тая, якая ўсвядомлена плануе стаць маці, можа па праве называцца ёю.
Дзеці павінны прыносіць пачуццё радасці, а не быць разменнай манетай пры вырашэнні дарослых праблем сваіх непаўналетніх матуль.
У рамках спецыяльнай акцыі «Клопат», якая праходзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у раёне было арганізавана рэйдавае мерапрыемства. Прадстаўнікі раённай улады — Зоя Фаміна, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкама, Любоў Аніськовіч, начальнік аддзела адукацыі, Наталля Рыбчанка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх, — наведалі непаўналетніх матуль. Акцэнт рабіўся на вывучэнні праблем сям’і і ўмоў пражывання малышоў. Кожнай сям’і была аказана дапамога ў выглядзе дзіцячай вопраткі.

Дарэчы:
Як паведаміла нядаўна галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Святлана Сарока, у Беларусі зніжаецца колькасць абортаў, у тым ліку сярод непаўналетніх.
Сёлета Сусветны дзень народанасельніцтва, які адзначаўся 11 ліпеня, быў прысвечаны праблеме падлеткавых цяжарнасцяў і шляхах яе рашэння.
У мінулым годзе сярод дзяўчынак-падлеткаў 14-18 гадоў было зарэгістравана 493 перапыненняў цяжарнасці, у 2011 годзе гэты паказчык быў роўны 585. Каля 91% цяжарнасцяў у падлеткаў перарываецца метадам вакуум-аспірацыі.
Па дадзеных рэсурснага цэнтра Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, у Беларусі ва ўзросце да 15 гадоў трэць юнакоў і дзяўчат мелі сэксуальны вопыт. Для параўнання: удзельная вага 15-гадовых падлеткаў, якія мелі вопыт сэксуальных адносін, вагаецца сярод дзяўчынак ад 2% у Арменіі і 3% у Македоніі да 71% у Грэнландыі, а сярод хлопчыкаў — ад 15% у Славакіі да 48% у Румыніі.
«Грамадства мала можа паўплываць на тое, каб падлеткі не пачыналі рана палавое жыццё, — лічыць Святлана Сарока. — Кожны падлетак — дзяўчынка і хлопчык у роўнай ступені — нясе адказнасць за сваё сэксуальнае жыццё, наступленне непланаванай цяжарнасці і абарону ад інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам. Вельмі важна, каб бацькі тлумачылі сваім дзецям, што адказнасць за наступленне цяжарнасці не можа ляжаць толькі на жанчыне. Рашэнне аб пачатку палавога жыцця, аб засцярозе, планаванні цяжарнасці павінны свядома прымаць абое партнёры. Хлопчыкаў трэба вучыць ня менш дзяўчынак».
Каля 80% выпадкаў бясплоднасці звязаны з перанесенымі абортамі, а таксама інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам. У Беларусі 15-17% шлюбных пар не могуць зачаць дзіця натуральным спосабам.
Штогод каля 16 млн дзяўчынак ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў, 90% з якіх знаходзяцца ў шлюбе, становяцца маці, і на іх долю прыпадае каля 11% усіх нараджэнняў дзяцей па свеце ў цэлым. У дзіцяці, якое нарадзілася ў маці-падлетка, верагоднасць памерці ў першы месяц жыцця на 50% вышэй, чым у дзіцяці, якое нарадзілася ў больш дарослай маці. Чым маладзей маці, тым большай небяспекі падвяргаецца яе дзіця. На долю дзяўчынак-падлеткаў ва ўзросце 15-19 гадоў прыходзіцца 15% усіх небяспечных абортаў.

Ала ЯКАЎЛЕВА.