Купалы прыход як казка

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ мінулую нядзелю жыхары і госці Сянно сабраліся ў парку імя 40-годдзя Перамогі, каб прыняць удзел у самым рамантычным народным абрадзе.
Свята Івана Купалы святкуецца ў гонар сонца і найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі і прыходзіцца як раз на перыяд летняга сонцастаяння. Хаця кветку шчасця ў купальскую ноч звычайна шукаюць маладыя, на сенненскіх Сінаях сабраліся ўсе — ад малога да старога. І не пашкадавалі, кожнаму ў гэты вечар знайшлася забава па душы.
Святочны гандаль радаваў разнастайнасцю асартыменту. Дзяцей, як звычайна, захаплялі паветраныя шары, розныя цацкі-ўпрыгожванні, што свяціліся ў цемры, і салодкі поп-корн. Самыя рызыкоўныя паспрабавалі сваё шчасце ў бяспройгрышнай латарэі. Сабраліся чэргі і вакол палатак з рознымі смачнотамі. Асабліва вялікі попыт быў на шашлыкі, якія ў апошні час ператварыліся ледзь не ў страву беларускай кухні.
Натоўп дзяцей і дарослых сабралі гульні і атрыкцыёны: калі што-небудзь не атрымлівалася ў малых, дапамагалі бацькі.
Ну, а галоўнай падзеяй свята была інсцэніроўка народнага абраду «Ноч летняй магіі».
Загадочный праздник волшебный
Добрался с легендами к нам.
Гэтымі і іншымі радкамі славілі старажытнае свята са сцэны старога парка.
Приглашаем всех, кто хочет,
К таинству купальской ночи.
І народ з глядзельных лавак (а тыя, каму не хапіла на іх месца, проста з гары) з захапленнем сачыў за імпрэзай, што разгортвалася на сцэне. А «запраўлялі» ўсім дзействам Купала, Купалінка і іх дачка Яніна. Яны, разам з Цыганам, Цыганкай, хлопцамі і дзяўчатамі — сябрамі Яніны — дзякавалі сонца за шчодрасць да зямлі і праводзілі яго ў зімовы шлях, бо з гэтага часу свяціла пойдзе бліжэй да зімы.
Артысты запрасілі кожнага, хто прыйшоў на свята, правесці купальскую ноч з карысцю, бо вада і травы ў гэту чароўную ноч надзелены магічнымі якасцямі і надаюць чалавеку жыццёвай сілы і здароўя. Таму на Купалу людзі загадваюць пра свой лёс, пускаючы вянкі на ваду, купаюцца ў расе, абліваюцца вадой. А яшчэ паляць кастры, водзяць карагоды і скачуць цераз агонь. Спаць жа ў купальскую ноч нельга, бо ведзьмы, ведзьмакі і іншая нячыстая сіла выходзяць на паляванне.
А «нячыстая сіла» і не прымусіла сябе чакаць. На сцэне з’явіліся Бабкі Ёжкі і іх унучка. Бабкі спрабуюць перашкодзіць знайсці кветку шчасця, не хочуць, каб людзі былі шчаслівыя, каб разумелі мову лясных звяроў і птушак. Унучка забараняе ім шкоднічаць. І ўсе разам спяваюць і весяляцца, а таксама бяруцца дапамагаць у пошуках чароўнай папараць-кветкі.
А каб знайсці яе трэба мець чароўны персцянёк. Гульня з аднайменнай назвай падзяляе хлопцаў і дзяўчат на пары, кожная адпраўляецца шукаць сваё шчасце.
У заканчэнні імпрэзы шчасліўчыку, што знайшоў жаданую кветку, уручаюць прыз. Запальваюць вялікі касцёр. А свята працягваецца канцэртам і дыскатэкай для моладзі.

Таццяна Буракова.
Фота Аляксандра Лазюка.