У планах адрадзіць былую славу прадпрыемства

На мінулым тыдні ў актавай зале адміністрацыйнага будынка Сенненскай ПМС прайшоў урачысты сход калектыву прадпрыемства з нагоды прафесійнага свята. Меліяратары падвялі вынікі зробленага, намецілі планы на будучае, адзначылі лепшых.

На пачатак года на прадпрыемстве працавалі 111 чалавек (84 мужчын і 27 жанчыны). 18 работнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 14 — сярэднюю спецыяльную, 40 — прафесійна-тэхнічную. 22 работнікі прадпрыемства — моладзь да 31 года, 12 членам калектыву — 32-39 гадоў, 19 чалавекам — 40-49 гадоў, 27-мі — 50-54, 19 працаўні­кам — 55-59 гадоў, 12 мелі­яратаў маюць узрост старэй за 60 гадоў. Такім чынам, сярэдні ўзрост працуючых на прадпрыемстве — 46 гадоў.

У мінулым годзе на работу прыбыло 3 маладых спецыяліста. Завочна ў вышэйшых навучальных установах абучаюцца 3 работнікі з ліку ІТР.

З дакладам на ўрачыстым сходзе выступіў дырэктар ПМС Сяргей Фарэйтараў, які не толькі агучыў лічбы інфармацыйнага плану, а і прааналізаваў эканамічнае становішча прадпрыемства.

***

У мінулым годзе ПМС выканала падрадных работ 144,3% да ўзроўню 2011 года. Як паказвае аналіз, адзначыў Сяргей Фарэйтараў, вытворчасць працы на прадпрыемстве апярэджвае рост заработнай платы на 10 пунктаў. Гэта добры паказчык. Аднак, разам з ростам выручкі (141%) у мінулым годзе ўзрос і сабекошт прадукцыі (167%). У выніку прадпрыемства ў мінулым годзе спрацавала са стратамі.

У сваім дакладзе кіраўнік назваў і прычыны гэтых страт. Страты ПМС нясе ў асноўным на аб’ектах, дзе вядуцца рамонтна-тэхнічныя работы. І віны меліяратараў у гэтым няма. Справа ў тым, што індэксы, зацверджаныя Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, ніжэйшыя за індэксы, зацверджаныя Мінбудархітэктуры на мелі­ярацыйнае і водагаспадарчае будаўніцтва, на рамонтна-будаўнічыя работы.

Будаўнічыя машыны і механізмы, якія маюцца ў Сенненскай ПМС, практычна вычарпалі свой рэсурс і зношаны на 100%, таму прадпрыемства нясе значныя затраты на ажыццяўленне іх бягучага і капітальнага рамонту.

Негатыўную ролю ў пагаршэнні фінансавага стану адыгралі несвоечасовыя разлікі заказчыкаў за выкананыя работы. У выніку прадпрыемства вымушана пастаянна карыстацца крэдытамі банка, працэнты па якіх за мінулы год склалі 245 млн рублёў. Асноўнымі даўжнікамі з’яўляюцца сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, што не дазваляе зменшыць дэбіторскую і крэдыторскую запазычанасці, адзначыў Сяргей Фарэйтараў.

***

У 2012 годзе за кошт інвестыцый з рэспубліканскага бюджэту прадпрыемства выканала работ па тэхнічным абслугоўванні меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм на суму 418 млн рублёў. За кошт сродкаў абласнога бюджэту выкананы работы па тэхнічным доглядзе мелі­ярацыйнай сістэмы на суму 444 млн.

У эксплуатацыю ўведзены наступныя аб’екты: рэканструкцыя меліярацыйных сістэм у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» і «Сінягорскае»; аграмеліярацыйныя мерапрыемствы на землях КУСГП імя Гараўца і многія іншыя. За межамі раёна былі зда­дзены аб’екты на торфаўчастку «Усвіж-БУК» (падрыхтоўка фрэзерных палёў), у ААТ «Горацкае» Магілёўскай вобласці (асушэнне высокаўрадлівых зямель на ўчастку «Чарнічны»), на вуліцах З-я Полацкая і 4-я Заслонава ў Віцебску (добраўпарадкаванне прыбярэжнай зоны вадаёма).

У дакладзе дырэктара прагучала інфармацыя аб наяўнасці ў арганізацыі тэхнікі, якой у ПМС эксплуатуецца 50 адзінак. У мінулым годзе набылі бульдозер, устаноўку прамыўкі дрэнажу, дарожную ротарную касілку, травакасілку.

Сёлета меліяратары плануюць набыць шматкаўшовы і два аднакаўшовых экскаватары, два трактары, касілку і аўтобус для перавозкі людзей.

У дакладзе была агучана інфармацыя па ахове працы, на якую летась было выдаткавана 67 млн рублёў.

Галоўны інжынер Сенненскай ПМС Міхаіл Лавушаў азнаёміў калектыў з планам работы на аб’ектах да канца бягучага года.

На сходзе ўшанавалі лепшых меліяратараў.

Да ўзнагароджання нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь» прадстаўлены машыніст аднакаўшовага экскаватара Сяргей Ляхновіч. На Дошку гонару КУП «Віцебскмеліяводгас» будзе занесены прараб Пётр Дзернушкоў. Ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны машыніст аднакаўшовага экскаватара Уладзімір Багданаў, КУП «Віцебскмеліяводгас» — прараб Аляксандр Лазута і электрагазазваршчык Эдуард Рыбчанка. Шэраг работнікаў атрымалі ганаровыя граматы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і прадпрыемства. Дванаццаць працаўнікоў ПМС занесены на Дошку гонару прадпрыемства. Былі ўручаны таксама падзячныя пісьмы.

Павіншаваў меліяратараў з прафесійным святам першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Леанід Хірэвіч, які выказаў спадзяванне, што сенненскія меліяратары змогуць аднавіць былую славу прадпрыемства.

Таццяна Буракова.

На здымках: моманты ўрачыстага сходу.