Ноч у музеі

У незвычайнае падарожжа па часе змаглі адправіцца наведвальнікі Сенненскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Сусветная акцыя «Ноч музеяў» на Сенненшчыне праходзіць трэці год запар. Сёлета, дзякуючы «Этнаграфічнаму марафону», што арганізавалі супрацоўнікі культурнай установы, сучасныя сенненцы змаглі акунуцца ў мінулае і даведацца, як жылі, працавалі і адпачывалі нашы продкі.

Адкрылі свята абрадавыя юр’еўскія спевы. Іх выканалі даўнія сябры музея — студэнты з археалагічнага таварыства г.Мінска. Яны ж пазнаёмілі прысутных і з папулярнымі ў беларусаў гульнямі. У нечым яны нагадвалі вядомыя ўсім з дзяцінства «Ручаёк» і «Каршуна». І дарослыя, і малыя з задавальненнем уключыліся ў забавы.

Юныя экскурсаводы, у ролі якіх выступілі пяцікласнікі СШ №2 г.Сянно, правялі гасцей у свет «Этнаграфіі і побыту Сенненшчыны». Старадаўнія прылады працы, рэчы хатняга ўжытку… Крупінкі гэтай бясцэннай калекцыі супрацоўнікі музея гадамі збіралі па вёсках, закінутых хатах.

У жыцці колішняга беларуса адводзілася месца і прыгожаму. Экспазіцыя «зіхацела» рознакаляровымі посцілкамі, льнянымі рушнікамі… — усё гэта сапраўднае, аўтэнтычнае.

Сёння нацыянальныя рамёствы захоўваюць і аднаўляюць народныя майстры. Выстава «Вясновы капеж» — яскравае пацвяр­джэнне таму, што Сенненшчына багатая на творцаў. Вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставілі ўдзельнікі раённага клуба майстроў «Натхненне». Убачанае здзіўляе і выклікае жаданне паспрабаваць зрабіць гэткую ж прыгажосць. І такая магчымасць у час чароўнай музейнай ночы ў наведвальнікаў была.

Усе, каго зацікавіла творчасць мясцовых майстроў, змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах, арганізаваных на інтэрактыўнай пляцоўцы «Залатыя рукі». У Інэсы Сапроненка можна было навучыцца ляпіць з гліны звонкія свістулькі. Сваім першым саламяным кветкам радаваліся «вучні» Валянціны Грыбоўскай. Мастацтва вышывання асвойвалі ў Тамары Кучынскай. У руках фларыста Людмілы Кнацько, здаецца, любы (прыродны ці штучны) матэрыял можа ператварыцца ў дызайнерскую рэч. Так, звычайныя адрэзкі пражы спляталіся ў карункавыя паясы, а газетныя старонкі — у адмысловыя вазачкі. Як журналіст не магла не скарыстацца ўрокамі па газетапляценні. Тое ж зрабіць раю і падпісчыкам «раёнкі» ды іншых выданняў: не выкідвайце старыя газеты, а лепш перарабіце іх у прыгожую рэч, якую не сорамна і падарыць.

Ёсць частка маёй працы і ў дыванку, вытканым на старажытных кроснах пад кіраўніцтвам майстра па ткацтве Сенненскага дома рамёстваў Карыны Карасёвай.

Сёлета ў кагорце майстроў прыбаўленне. У час свята ў клуб «Натхненне» былі ўрачыста прыняты рука­дзельніца з Обалі Вера Берашэвіч і адзінаццацікласніца СШ №2 г.Сянно Анастасія Шульга. Дзяўчына стала самым маладым майстрам клуба. Перад пасвячэннем у захавальнікі рамёстваў кандыдаткам давялося прайсці своеасаблівыя выпрабаванні: даць правільны адказ на загадкі вядучых свята Браніславы Лазоўскай і Ганны Цімашэнка, выканаць песню ці верш. Вера Адамаўна праспявала прыгожую кампазіцыю на беларускай мове, а Насця прачытала верш нашага сенненскага паэта Івана Лазукі. Пасля чаго кіраўнік «Натхнення» Карына Карасёва ўручыла ім сертыфікаты членаў клуба.

Пакуль адны займаліся справай, іншыя адправіліся на народную дыскатэку. На інтэрактыўнай пляцоўцы «Сенненскія забавы» майстар-клас па беларусіх скоках давала выкладчык па харэаграфіі Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Галынчык. Наведвальнікі незалежна ад узросту з імпэтам танчылі «Таўкачыкі» і «Крыжачок» і нават выказалі прапанову зрабіць такія ўрокі пастаяннымі.

Карыстаючыся макетамі «Беларус і беларусачка» (аўтарства навуковага супрацоўніка Васіля Бандарэвіча) кожны мог сфатаграфавацца ў імправізаваных нацыянальных беларускіх касцюмах.

Скончылася імпрэза чаяваннем і салодкім сталом.

Дзверы музея ў гэтую ноч зачыніліся за апошнім наведвальнікам у 23.00.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.