«Туфлікі» выйшлі на старт

Гадоў пяць назад жанчына за рулём у нашым раёне  выклікала здзіў­ленне. Сёння прадстаўніцы пры­гожай паловы сярод вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў — малюнак для Сеннен­шчыны цалкам прывычны. І  хоць многія калегі-мужчыны ставяцца да аўта-«шпілек» (выява жаночага туфліка на аўтамабіле сведчыць аб яго ўладальніцы) па­гард­ліва,  афіцыйная статыстыка сведчыць пра адваротнае: жанчыны-кіроўцы во­дзяць аўтамабіль больш акуратна і менш трапляюць у ДТЗ.

Справядлівасць гэтага меркавання пацвердзіў першы раённы конкурс «Aўта-Лэдзі-2013». Удзел у ім прынялі 17 аўтааматарак Сенненшчыны, якія маюць вадзі­цельскае пасведчанне катэгорыі «В» і асабістае аўто.

У ролі ініцыятараў і непасрэдных арганізатараў мерапрыемства выступілі ад­дзел па справах моладзі райвыканкама, аддзяленне ДАІ Сенненскага РАУС, раённы камітэт ГА «БРСМ».

Пахварэць за канкурсантак на цэнтральнай плошчы Сянна сабраліся дзясяткі гледачоў. На час спаборніцтва пляцоўка ператварылася ў аўтадром.

Удзельніцам давялося ўспомніць хвалюючы момант здачы на правы. Бо конкурс у цэлым нагадваў гэтую адказную працэдуру. Адрозненне заключалася хіба ў тым, што спачатку дзяўчатам патрэбна было прадэманстраваць навыкі ваджэння, а ўжо потым веды Правілаў дарожнага руху. У ДАІ, як вядома, вусныя іспыты ідуць першапачаткова.

Кожная канкурсантка павін­на была прайсці такія элементы манеўравання, як «Змейка», «Праезд адным колам па дошцы», «Заезд у гараж заднім ходам». Пасля чаго дзяўчат чакалі камп’ютарныя тэсты па правілах дарожнага руху. На кожным этапе давалася па дзве спробы. Супрацоўнікі АДАІ пільна сачылі за ходам іспытаў. Як бы там не было, правы ў дзяўчат ніхто, канешне, не адабраў бы. Тым не менш, канкурсанткі прыкметна хваляваліся і да кожнага экзамену ставіліся ўдумліва.

Пакуль журы раілася, публіку забаўлялі сваімі выступленнямі маладыя і таленаві­тыя выканаўцы песен Ала Латышава, Анастасія Бялко, Юлія Крыўчанка. За дыджэйскім пультам знаходзіўся Максім Акулаў. Жадаючыя маглі пракаціцца на рэтра-аўтамабілі «Победа».

Неўзабаве пад рытмічныя гукі на сцэну выйшлі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч і выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Сенненскага РАУС Андрэй Красноўскі. Яны і аб’явілі прызёрак першага раённага конкурсу «Aўта-Лэдзі-2013». Па выніках усіх этапаў 3-яе месца аказалася ў Алесі Прыхожай. Уладальніца ганаровага 2-га месца — Ганна Шлык. Між іншым, за рулём дзяўчына ўсяго 8 месяцаў. На першым месцы — больш вопытная Вольга Бозыр. А вось гран-пры і тытул «Aўта-Лэдзі- 2013» па праве заваявала самы дасведчаны кіроўца, за плячыма ў якой 11-гадовы ва­дзіцельскі стаж, Наталля Парэпка. Пераможца і прызёры конкурсу атрымалі ад арганізатараў дыпломы і каштоўныя падарункі.

З кожным годам колькасць жанчын, якія жадаюць навучыцца кіраваць аўтамабілем, толькі ўзрастае. Прычым незалежна ад узросту: за партамі аўташкол можна сус­трэць як 18-гадовых студэнтак, так і пен­сіянерак. Таму аўталэдзі на сенненскіх дарогах будзе толькі прыбаўляцца, і дадзены конкурс мае шанц стаць для Сенненшчыны добрай традыцыяй. Да таго ж, акрамя добрага настрою, падобнае мерапрыемства нямала са­дзейнічае павышэнню ўзроўню вадзіцельскага майстэрства і прапагандзе культуры паводзін сярод удзельнікаў дарожнага руху. А гэта прамая дарога да змяншэння ДТЗ. Таму ў добры шлях, сяброўкі!

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: пераможца конкурсу Наталля Парэпка;  правяраем веды па ПДР;  удзельніца конкурсу  Наталля Шабердыева.

Фота аўтара.