Лепшы класны кіраўнік Сенненшчыны

На днях на Сенненшчыне выбіралі лепшага класнага кіраўніка года.

Конкурс праводзіўся ў два этапы: першы  — школьны — прайшоў ва ўстановах адукацыі яшчэ ў лістападзе-снежні мінулага года. На ім разглядаліся і дэманстраваліся формы работы канкурсантаў, лепшыя інавацыйныя праекты выхавання. Другі — раённы — прайшоў нядаўна і таксама складаўся з двух тураў. 

 Завочны тур — экспертыза матэрыялаў пераможцаў першага этапа конкурсу. Удзельнікі дасылалі на суд журы свае партфоліа. У выніку з 13 прэтэндэнтаў на званне «Класны кіраўнік года -2013» журы адабрала 7 канкурсантаў. У вочным туры другога этапа выступілі толькі тры класныя кіраўнікі. Другую сенненскую школу прадстаўляла настаўніца англійскай мовы Ірына Труханенка. Алеся Валодзькіна, настаўніца біялогіі і геаграфіі, абараняла гонар Машканскай ДССШ. А настаўніца ін­фарматыкі Валянціна Стрыжнёва — Студзёнкаўскай ДССШ.

 Ад перамогі ў фінале, які праходзіў у актавай зале СШ№2 г.Сянно, канкурсантак аддзялялі 4 конкурсы. «Творчая самапрэзентацыя» — прадстаўленне ўдзельніка. Арыгінальную падачу візітоўкі ў форме расійскай тэлеперадачы «Пусть говорят» паказала Ірына Труханенка. Яскрава прадставілі сваіх канкурсантак студзёнкаўская і машканская групы падтрымкі. У конкурсе «Скарбонка пе­да­гагічнага майстэрства» ўдзельніцы паказвалі ўзровень сваёй пра­фесійнай кам­петэнцыі, валоданне сучаснымі падыходамі ў арганізацыі выхаваўчага працэсу. У конкурсе «Ток-шоу» класных кіраўнікоў чакала экспрэс-інтэрв’ю. У апошнім конкурсе «Распрацоўка міні-пазакласнага мерапрыемства» канкурсанткам давалася некалькі хвілін на падрыхтоўку зададзенай тэмы. У перапынку перад гледачамі, журы і ганаровымі гасцямі, у прыватнасці, намеснікам старшыні райвыканкама Зояй Фаміной і начальнікам аддзела адукацыі Людмілай Аніськовіч, вучні сенненскай другой школы разыгралі сапраўдны тэатральны мюзікл «Страказа і мурашка». А цікавую псіхалагічную разгрузку з прысутнымі правяла педагог-псіхолаг СШ№1 г.Сянно Мая Паўлоўская.

 Нарэшце, надышла хвіліна для падвядзення вынікаў. Найбольшую колькасць балаў атрымала Ірына Труханенка, якая і стала лепшым класным кіраўніком 2013 года. Дыплом ІІ ступені атрымала Валянціна Стрыжнёва, трэцяе месца — у Алесі Валодзькінай. За ўдзел у конкурсе пераможцаў аддзячыў каштоўнымі падарункамі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Ірына ГАРБАЧОВА.

На здымках: моманты конкурсу.