Хто шукае, той знаходзіць

Чарговае пасяджэнне раённай наглядальнай камісіі пад кіраўніцтвам Зоі Фаміной, намесніка старшыні райвыканкама, прайшло ў  ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».

Кантынгент, з якім даводзіц­ца працаваць камісіі, — людзі, якія панеслі, ці нясуць пакаранне за здзейсненыя калісьці злачынствы. Асноўная мэта падобных мера­прыемстваў — прадухіліць дэградацыю асоб, якія па розных жыццёвых абставінах трапілі ў «групу рызыкі».

 Члены камісіі садзейнічаюць ім у атрыманні дакументаў, вырашэнні пытанняў жылля, працаўладкавання. Добра, калі запрошаныя разумеюць складанасць сітуацыі, ідуць на супрацоўніцтва з прадстаўнікамі ўлады. Але бываюць выпадкі, калі, не жадаючы мяняць звыклы лад жыцця, адмаўляюцца ад дапамогі.

 Фёдар К. у свае 58 гадоў  неаднаразова трапляў у турму. Апошні раз адсядзеў за катаванне сваёй сужыцельніцы. Сёння мужчына нідзе не працуе. На хлеб зарабляе часовай працай : каму градку ўскапае, каму дровы паколе. На пытанне членаў камісіі чаму не ўладкоўваецца на працу, мужчына адказвае проста і лаканічна: «Не бяруць!» Па яго словах, у РУП ЖКГ, куды перада­дзены яго працоўная кніжка і даведка аб пройдзеным медаглядзе, не могуць знайсці яму работу.

 Рашэннем камісіі на працягу нас­тупнага дня Фёдар павінен працаўладкавацца, інакш мужчынай зоймецца пракуратура.

 Нідзе не можа знайсці для сябе месца працы і Аляксандр К. з вёскі Ходараўка, які быў вызвалены з турмы ў пачатку года. Адбываў пакаранне за крадзеж. «Раней неаднаразова судзімы, схіль­ны да злоўжывання алкаголем, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, зараз знаходзіцца пад ад­міністрацыйным арыштам» — вытрымкі з характарыстыкі, складзенай на яго супрацоўнікамі РАУС. 

 Не ўладкаваўшыся ў ААТ «Кругляны», у пошуках працы хлопец прыехаў у райцэнтр. Спыніўся ў такога ж непрацуючага сябра, які таксама знаходзіцца пад піль­ным наглядам міліцыі. З няпэўнымі планамі на жыццё хлопец стаяў перад членамі камісіі.  

 Яго жаданне працаваць здзівіла прадстаўнікоў улады, бо звычайна яны сутыкаюцца з людзьмі, якіх даводзіцца ўгаворваць працаўладкавацца. Наколькі моцным было жаданне Аляксандра К. знайсці сабе пастаянна аплачваемы занятак, пакажа час: яму было прапанавана ўладкавацца ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».

 Адзінкавыя, але ж бываюць, выпадкі, калі на камісію запрашаюць людзей, каб пад­трымаць добрым словам, адзначыць станоўчыя змяненні ў іх жыцці. Дваццаціпяцігадовы Дзмітрый Г. трапіў у поле зроку праваахоўных органаў з-за «парушэння правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека» (ч.2 арт.317 КК). Хлопец атрымаў чатыры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. За паўтара гады знаходжання пад «хатнім арыштам» не было зафіксавана ніводнага выпадку парушэнняў з яго боку. Аўтабаза Сенненскага райспажыўтаварыства, дзе працуе Дзмітрый Г., рыхтуе хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні маладога чалавека.

 «Малайчына, што змог пераадолець склаўшуюся жыццёвую сітуацыю, не сышоў з дарогі, а гэта гаворыць пра многае», — падбадзёрыла хлопца Зоя Фаміна.

  Нават, калі і не ўсе запрошаныя, а хаця б адзін чалавек, задумаецца пра свой лёс, паспрабуе змяніць да лепшага што-небудзь у жыцці, лічы, недарэмным было чарговае пася­джэнне наглядальнай камісіі. Станоўчыя вынікі  заўжды будуць, калі да іх імкнуцца.

Ала ЯКАЎЛЕВА.