Палёт у бессмяротнасць

У Дзень Перамогі Багушэўск аддаваў даніну павагі не толькі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, тым, хто загінуў абараняючы і вызваляючы багушэўскую зямлю ад нямецка-фашысцкай навалы,  падпольшчыкам, партызанам.

 Патрыятызм, мужнасць і самаахвярнасць — усё тое, з чым ішлі  ў смяротны бой нашы дзяды і прадзеды, — не пустыя словы і ў 21-м стагоддзі. І гэта даказаў сваім подзвігам ураджэнец Багушэўска, чыё імя назаўсёды застанецца ў спісе землякоў-герояў, Аляксандр Марфіцкі.

 30 жніўня 2009 года… Польскі горад Радам… У час выканання фігуры вышэйшага пілатажу СУ-27, якім кіравалі беларускія лётчыкі-асы — два Аляксандры,  Жураўлевіч і Марфіцкі, — імкліва страчвае вышыню і падае. У пілотаў ёсць магчымасць катапульціравацца. Але прама пад самалётам гледачы авіяшоу і жылыя дамы бліжэйшай польскай вёсачкі. Лётчыкі прымаюць адзінае, на іх погляд, вернае рашэнне і адводзяць машыну ад лю­дзей…

 Коштам уласнага жыцця яны выратавалі сотні чалавечых жыццяў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь палкоўнікі Жураўлевіч і Марфіцкі ўзнагароджаны пасмяротна Ордэнам «За асабістую мужнасць». Помнікі героям устаноўлены ў Баранавічах, дзе яны служылі, а таксама ў польскім Радаме. На днях да іх дабавіўся памятны знак «Крыло Бессмяротнасці», устаноўлены  ў парку ля Багушэўскай сярэдняй школы №1, выпускніком якой быў  Аляксандр Марфіцкі.

  Удзел ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 68-й гадавіне Перамогі і ўсталяванню помніка ў гонар подзвігу Марфіцкага і Жураўлевіча, прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, старшыня пасялковага Савета Любоў Трубека, ваенны камісар Сенненскага райваенкамата Сяргей Пінчук. Ушаванаваць памяць калег, саслужыўцаў і сяброў прыехала дэлегацыя з 61-ай знішчальнай авіябазы ў складзе старшыні савета ветэранаў Ваенна-Паветраных Сіл Міхаіла Клубнічкіна, старшыні саюза ветэранаў авіябазы Юрыя Вараб’ёва, намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце Сяргея Чугункова.    

 На ганаровай трыбуне прысутнічалі родныя Марфіцкага: яго жонка Даміра, дачка Ірына, сёстры Ада і Галіна. А таксама дачка палкоўніка Жураўлевіча — Вольга.

 У ліку ганаровых гасцей урачыстасцяў былі нашчадкі, пахаванага ў парку камандзіра багушэўскай партызанскай брыгады Яфіма Прахарэнкі, якія  жывуць у Маскве.

 Пад гукі ружэйных залпаў перад сабраўшыміся прадстала «Крыло Бессмяротнасці» — гэта частка сапраўднага крыла знішчальніка СУ-27, на якім лятаў і гераічна загінуў Аляксандр Марфіцкі. Падножжа помніка хутка запоўнілі кветкі і рытуальныя вянкі ад удзячных землякоў, гасцей гарадскога пасёлка, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

 Ля памятнага знака сваю першую ганаровую варту неслі і  піянеры. Каля 20 навучэнцаў 4-х класаў абедзвюх багушэўскіх школ у гэты дзень былі ўрачыста прыняты ў рэспубліканскую піянерскую арганізацыю.

 Цяпер для іх і для многіх дзясяткаў юных багушэўцаў лётчык Марфіцкі стане прыкладам воінскай і грамадзянскай доблесці.  Як калісьці для самаго Аляксандра такім прыкладам былі Гаравец, Гагарын і многія іншыя героі таго часу. Менавіта яны адкрылі простаму багушэўскаму хлопцу з вуліцы Дзяржынскага дарогу ў неба і сталі яго настаўнікамі  ў такім кароткім, але гераічным жыцці. Да слова, заўтра Аляксандру Марфіцкаму споўнілася б 57 гадоў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.