Свята са слязамі на вачах

Дзень Перамогі на Сенненшчыне адзначылі традыцыйна шырока. Мерапрыемствы, прысвечаныя святу, што нават зараз успрымаецца «са слязамі на вачах», прайшлі ў райцэнтры, Багушэўску, ва ўсіх аграгарадках.

Няхай франтавікоў, партызан, тых, хто перажыў жахі фашысцкіх концлагераў, засталося зусім мала, памяць пра вайну жыве ў свядомасці іх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Жыве і гордасць за гераізм продкаў, якія не толькі абаранілі сваю Радзі­му ад ворага, але і выратавалі ад фашызму ўсю Еўропу.

 У Сянне мерапрыемствы, прысвечаныя дню Перамогі, праходзілі на цэнтральнай плошчы горада. А пачаліся яны ўрачыстым мітынгам, удзел у якім прынялі ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі працоўных калектываў устаноў, прадпрыемстваў райцэнтра, грамадскіх арганізацый, органаў улады. Да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота. Ён нагадаў аб укладзе сенненцаў у перамогу савецкага народа, аб стратах, што панёс раён за гады акупацыі. Слова меў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Куліш, жыхар вёскі навасёлкі Ходцаўскага сельсавета.

 Завяршыўся мітынг ускладаннем кветак, вянкоў да помнікаў і абеліскаў, што ўстаноўлены ў райцэнтры ў памяць аб байцах Чырвонай Арміі,  загінуўшых пры абароне і вызваленні Сянна, партызанах. Свята прадоўжылася канцэртам з сімвалічнай назвай «За того парня». У рэпертуары самадзейных артыстаў пераважалі песні ваеннай пары патрыятычнай накіраванасці.

 Аматары спорту адзначылі 9 Мая велапрабегам па маршруце Сянно-Нямойта. Па вуліцах горада прайшла легкаатлетычная эстафета. Удзел у ёй прынялі як школьнікі, так і прадстаўнікі працоўных калектываў.

 Яшчэ да пачатку мітынгу на цэнтральнай плошчы пачалі працаваць тэматычныя пляцоўкі, выставы-продажы вырабаў школьнікаў, работнікаў дома рамёстваў, выхаванцаў ТЦСАН. Гандлёвыя рады райспажыўтаварыства таксама прыйшліся дарэчы ўдзельнікам свята.

 Вялікую цікавасць выклікаў раённы конкурс «Аўта-Лэдзі-2013» , які прайшоў вечарам. Нягледзячы,  што конкурс у такім фармаце праводзіўся ўпершыню, у­дзе­л у ім прынялі 17 канкурсантак, жанчын-вадзіцеляў. Святочны дзень завяршыўся феерверкам, які расквеціў неба над цэнтрам Сянна, і дыскатэкай для ўнукаў і праўнукаў салдат-пераможцаў.

Наш кар.